Субота, 04 Май 2024

Якія ёсць законнам прадугледжанныя магчымасці, каб палітзняволены мог вызваліцца раней за тэрмін пакарання

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Крымінальны кодэкс Беларусі дае асуджаным шырокія магчымасці вызваліцца раней за тэрмін. Гэта і замена неадбытай часткі пакарання больш мяккім, і ўмоўна-датэрміновае вызваленне (УДВ), і амністыя, і нават памілаванне. Але фактычна гэтага ўсяго пазбаўлены палітзняволеныя.

Адміністрацыі папраўчых установаў імкнуцца зрабіць "злоснымі парушальнікамі рэжыму" амаль усіх палітвязняў, каб у тым ліку пазбавіць іх магчымасці на датэрміновае вызваленне. А прашэнне аб памілаванне ў месцах няволі даўно стала элементам ціску на асуджаных па палітычных матывах.

Умоўна-датэрміновае вызваленне

Згодна ч. 2 арт. 90 і ч. 2 арт. 119 Крымінальнага кодэкса, адной з умоваў магчымасці датэрміновага вызвалення асуджанага ад прызначанага пакарання з'яўляецца яго "прыкладныя паводзіны, якія даказваюць выпраўленне асобы". То бок яно не прымяняюцца да асуджаных, якія маюць парушэнні.

Замена неадбытай часткі пакарання больш мяккім

Паводле ч. 2 арт. 91 Крымінальнага кодэкса, замена неадбытай часткі больш мяккім пакараннем можа быць прыменена да асуджаных, якія "цвёрда ўсталі на шлях выпраўлення".

Але дастаткова аднаго парушэння, якое яму могуць выпісаць па надуманных прычынах, каб яго атэставалі як "вязня, які не стаў на шлях выпраўлення":

Амністыя

Амністыя рэгулюецца арт. 95 Крымінальнага кодэкса, а яе ўмовы кожны раз вызначаюцца адмысловым законам. За чатыры гады масавых рэпрэсій у Беларусі па амністыі былі вызвалены толькі чатыры палітвязні, асуджаныя да "хіміі".

На палітзняволеных у калоніях праз тое, што абсалютнай большасці з іх нададзены статус "злосных парушальнікаў рэжыму", амністыя не можа быць прымененая. У кожным законе аб прымяненні амністыі адзначаецца, што яна не распаўсюджваецца на "парушальнікаў рэжыму адбыцця пакарання". Таксама асуджаныя за "экстрэмізм" і "тэрарызм" не трапляюць пад амністыю. 

Памілаванне

Згодна арт. 96 Крымінальнага кодэкса, "памілаванне ажыццяўляецца прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь". З 2020 года ў Беларусі былі памілаваны 29 палітвязняў. Прашэнне аб памілаванне, асабліва ў 2021-2022 гады, стала масавым элементам ціску на палітвязняў.

Некаторых з іх, паводле сведчанняў былых зняволеных, прымушалі пісаць хадайніцтва на імя Лукашэнкі, прызнаючы віну і сваім хадайніцтвам прызнаючы легітымнасць Лукашэнкі. Для некаторых з іх гэта было прынцыповым пытаннем і яны не падаваліся на памілаванне.