Аўторак, 23 Студзень 2024

Як у Беларусі парушаецца прынцып: “Ніхто не павінен быць паўторна асуджаны за адное і тое ж правапарушэнне”.

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі існуе артыкул 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы), паводле якога па ініцыятыве адміністрацыі калоній і турмаў зняволеным могуць бясконца дадаваць тэрмін. Узбуджэнне новай крымінальнай справы — адзін з галоўных страхаў палітвязняў, якія адбываюць тэрміны ў папраўчых установах. За апошнія тры гады супраць 33 палітвязняў узбудзілі крымінальныя справы паводле гэтага артыкула, а супраць некаторых з іх — двойчы.

Падставы для ўзбуджэння новай крымінальнай справы

Апошнім часам у папраўчых установах супраць вязняў усё часцей узбуджаюць крымінальныя справы паводле арт. 411 КК за дысцыплінарныя парушэнні, за якія тыя ўжо панеслі пакаранні. Гэта супярэчыць пункту 7 артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якім, ніхто не павінен быць паўторна асуджаны за адное і тое ж правапарушэнне. 

Але большасць адміністрацый папраўчых установаў па ўсёй Беларусі насуперак гэтаму актыўна працягвае адвольна пераследаваць вязняў па надуманых прычынах. Пры гэтым мінімум шэсць палітвязняў былі асуджаныя за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі ўстановы" ажно двойчы запар.

Па прыбыцці ў калонію вязняў адразу змяшчаюць на "каранцін", дзе цягам прыкладна двух тыдняў іх знаёмяць з правіламі ўнутранага распарадку і тлумачаць адказнасць за іх парушэнне. Пасля гэтага іх пераводзяць у атрады і адпраўляюць на працу. Вядома, што на шматлікіх палітвязняў ціск пачынаюць аказваць адразу па прыбыцці ва ўстанову — падчас "каранціну" або ўжо пасля пераводу ў атрад. 

Каб ускладніць жыццё палітвязням, адміністрацыя дзейнічае згодна "распрацаванаму" плану: парушэнне — рапарт — спагнанне — новая крымінальная справа. 

Амаль усіх палітычных у калоніях ад пачатку прызнаюць "злоснымі парушальнікамі рэжыму". Для гэтага адміністрацыя складае супраць іх некалькі рапартаў і выносіць розныя спагнанні. Пры гэтым, каб стаць "злоснікам", дастаткова атрымаць толькі чатыры вымовы або атрымаць суткі ў ШІЗА. Гэты статус накладае на вязняў дадатковыя абмежаванні, а таксама набліжае іх да новай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК або да перавода на "турэмны рэжым".  

Часцей за ўсё вязняў спачатку пазбаўляюць спатканняў, перадач і званкоў. Пасля гэтага іх "закідваюць" у штрафны ізалятар або карцар, дзе некаторых утрымліваюць па некалькі месяцаў запар. Пры гэтым ніякіх асабістых рэчаў туды браць з сабой нельга, толькі туалетную паперу, мыла, маленькі ручнік, зубную пасту і шчотку. 

У ізалятары вязняў могуць утрымліваць не больш за 10 сутак, але гэта не перашкаджае адміністрацыі складаць новыя рапарты па заканчэнні папярэдняга тэрміну. Наступнае па цяжкасці спагнанне — памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Там умовы крыху лепш за ШІЗА і ёсць права на ліставанне. Вязняў закідваюць туды тэрмінам да шасці месяцаў за "сістэмныя парушэнні". 

Пасля гэтага, згодна з Крымінальным кодэксам, да адказнасці па артыкуле 411 КК прыцягваюцца тыя вязні, якім цягам года за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання прызначалі дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе перавода ў ПКТ, адзіночную камеру або на турэмны рэжым. Па гэтым артыкуле зняволеных могуць асудзіць да пазбаўленне волі тэрмінам да аднаго года, а за асабліва небяспечны рэцыдыў — да двух гадоў. 

Дзеянні палітзняволеных якія адміністрацыя лічыць "парушэннямі"

Падставы для спагнанняў адрозніваюцца ў залежнасці ад калоніі. Правабаронцы “Вясны” прааналізавалі некаторыя судовыя пастановы па арт. 411 Крымінальнага кодэкса ў адносінах да палітвязняў.

Звычайна рапарты супраць аднаго чалавека складаюць па розных прычынах. Але вядомыя выпадкі, калі прычына заўсёды адна. Так, аднаму з палітвязняў, які адбываў тэрмін у магілёўскай турме № 4, выносілі спагнанні выключна за "адмову прыбіраць дворык для шпацыру", а палітвязню горацкай калоніі № 9 — толькі за "адмову выходзіць на працу".

Адзначым, што дысцыплінарныя спагнанні ў дачыненні да палітвязняў амаль заўсёды з'яўляюцца адвольным і палітычна матываваным пераследам. Гэта адзін са спосабаў ціску, які дазваляе бясконца ўтрымліваць вязня ў зняволенні.

Чаму трэба выключыць гэты артыкул з Крымінальнага закона

Праваабаронцы шмат гадоў патрабуюць выключэння артыкула 411 з Крымінальнага кодэкса. Яны звяртаюць увагу, што па гэтым артыкуле накладаюцца судом на падставе рашэнняў, прынятых у турмах і папраўчых калоніях супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Гэта правакуе практыку адвольнага і часцяком несуразмернага судовага пераследу ў адносінах да цяжару правапарушэння; гэтыя недахопы не могуць быць ліквідаваны нават з ужываннем абскарджання спагнанняў. 

Акрамя гэтага, амаль усе суды над палітвязнямі за “злоснае непадпарадкаванне” адбываюцца ў выязным парадку – іх судзяць наўпрост у месцах зняволення. Праз гэта на судовае пасяджэнне амаль немагчыма патрапіць часам нават сваякам. Пра новае судовае пасяджэнне некаторыя блізкія дазнаюцца толькі праз расклад на сайце Вярхоўнага суда. А каб патрапіць на суд у калонію або турму родным трэба праз заяву атрымаць дазвол ад начальніка папраўчай установы. Але часта ў гэтым адмаўляюць. Адзначым, што немагчымасць патрапіць грамадскасці на судовае пасяджэнне парушае гарантыі абвінавачанага на справядлівае судовае разбіральніцтва, у тым ліку на публічны суд.