Шлях ад настаўніка да прафсаюзнага актывіста
Пасля сканчэння гістарычнага факультэта БДУ Васіль настаўнічаў, затым кіраваў аграрным вучылішчам у Высокім і за нядоўгі час вывеў яго на высокі абласны ўзровень.
Напачатку 90-х гадоў, у гады дэмакратычнага ўздыму ў Беларусі, быў абраны дэпутатам Аршанскага райсавету, а затым і яго старшынём. Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі сыйшоў з пасады старшыні і пачаў цікавіцца грамадскай дзейнасцю. Неўзабаве далучыўся да Беларускага Хельсінскага камітэта, а праз некаторы час стаў сябрам сацыял-дэмакратычнай партыі. Пры гэтым, Васіль амаль да самай пенсіі выкладаў гісторыю ў вясковых школах.
Васіль Бераснеў адзін з першых займеў у Оршы свой публічны офіс, якім часта карысталіся многія грамадскія арганізацыі і ініцыятывы.
“Будзем збірацца ў Бераснева”, – так нярэдка казалі мясовыя актывісты адзін аднаму.
Васіля за яго грамадскую дзейнасць неаднаразова затрымлівалі і адміністрацыйна арыштоўвалі. Падчас “Маршу недармаедаў” у 2017 годзе ў Оршы ён на прыступках выканкаму разарваў муляж на тэму антыдармаедскага дэкрэту.
Пасля выбараў 2010 года Васіль далучыўся да прафсаюзу РЭП, аршанская структура прафсаюза хутка стала адной з самых вялікіх у Беларусі з невялікімі прадстаўніцтвамі ў Круглым і Багушэўску. Праз некаторы час ён стаў намеснікам старшыні рэспубліканскага прафсаюзу РЭП. Менавіта ягоная прафсаюзная дзейнасць і паслужыла падставай для крымінальнага пераследу пасля выбарчых акцый.
Закрыты суд і вялікія тэрміны па справе незалежных прафсаюзаў
Васіля Бераснева затрымалі 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы супраць актывістаў незалежных прафсаюзаў.
5 студзеня 2023 года Анастасія Папко абвінаваціла трох прафсаюзных актывістаў — Васіля Бераснева, Генадзя Фядыніча і Вацлава Арэшку — у «закліках да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК), «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК), «стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім» (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК). Васілю прызначылі дзевяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Праблемы за здароўем у зняволенні
У пачатку кастрычніка мінулага года стала вядома, што Васіля тэрмінова накіравалі з калоніі ў Магілёўскі абласны шпіталь. Яшчэ падчас знаходжання ў СІЗА ў Васіля значна пагоршыўся стан здароўя – ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы. Аднак сітуацыя настолькі крытычная, што медыкаментознае лячэнне не мае сэнсу. Патрэбна перасадка ныркі. На шматлікія просьбы і заявы вязня аб аказанні медычнай дапамогі, альбо накіраванні на абследаванне — доўгі час рэакцыі не было. На фоне праблем са здароўем, значна павысіўся ціск і зараз неабходна штодня прымаць адпаведныя лекі.
Па звестках ад калег Васілю нырку так і не перасадзілі. Цягам двух дзён яго абследавалі ў шпіталі, але вынікаў не паведамілі. Сказалі, што атрымае іх потым, у калоніі. Як пачуваецца цяпер Васіль, – невядома.
Падтрымайце палітвязня тэлеграмай: ПК № 15, вул. Слаўгарадская шаша, 183, п/а Вейна, 213105, г. Магілёў, Васілю Ціханавічу Берасневу.