Абодвух судзілі ў Віцебскім абласным судзе, працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Паводле прысуду, вынесенага 25 верасня, Вячаслаў Лазараў прызнаны вінаватым паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса і асуджаны да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Таццяну Пыцько прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. Але гэты прысуд сужонцам удалося абскардзіць у Вярхоўным судзе.
У «Спісе экстрэмістаў» чамусьці сцвярджаецца, што вырак абласнога суду ўступіў у законную сілу. Хаця ёсць звесткі, што Вярхоўны суд прызнаў абодвух вінаватымі па ч. 3 артыкула 361-1 Крымінальнага Кодэкса і зменшыў пакаранні. У прыватнасці, Вячаслаў Лазараў мае адбыць ужо толькі 5 гадоў зняволення, прычым у калоніі агульнага рэжыму. Што да Таццяны Пыцько, то яе ўжо выпусцілі на волю, бо пакаранне трыма гадамі зняволення ёй дадзена з адтэрміноўкай. Пра адтэрміноўку ў «экстрэмісцкім спісе» таксама згадана.
«Пра змену пакарання ўсе чулі толькі ад сваякоў асуджаных, вызначэння Вярхоўнага суду я не бачыў. Таму не магу сказаць дакладна, чаму ў спісе на сайце МУС гаворыцца пра тое, што менавіта рашэнне абласнога суду ўступіла ў законную сілу. Паколькі працэсы і ў абласным, і ў Вярхоўным судзе былі закрытыя, складана сцвярджаць нешта і пра сутнасць абвінавачванняў, і пра доказы следства, і пра прысуды», - разважае пра звесткі, пазначаныя ў «Спісе экстрэмістаў» Павед Левінаў.
Пакуль не вядома, ці накіравалі Вячаслава Лазарава ў калонію, і ў якую канкрэтна. Ягоная жонка Таццяна Пыцько выйшла на волю на трэці дзень пасля таго, як было агучана рашэнне Вярхоўнага суду.
Юрый Міхальчанка