Акцыі салідарнасці ў Беластоку адбываюцца кожны месяц ля помніка Ежы Папялушкі, побач з якім стаіць шырокафарматны фотаздымак Пачобута. Акцыя – гэта таксама салідарнасць з іншымі палітвязнямі, якія знаходзяцца ў турмах у Беларусі, і патрабаванне іх вызвалення. Яго арганізуюць Саюз палякаў Беларусі і Падляшскі аддзел згуртавання «Wspólnota Polska».
«Гэта чарговая акцыя салідарнасці. Вось ужо трэці год мы тут збіраемся, нягледзячы ні на што: надвор’е, пара году, дождж, снег, мароз. І мы будзем збірацца далей, каб нагадваць пра Анджэя Пачобута, які сядзіць у Наваполацку, які пакутуе, які не атрымлівае лекаў для сэрца, у яго кожны дзень запаволены рытм, у яго падымаецца ціск і мы проста не ведаем, чым яму дапамагчы, акрамя як прыйсці сюды і ўсім пра гэта гучна сказаць», – сказаў Занеўскі падчас акцыі.
Ён падкрэсліў, што акцыяй яны таксама нагадваюць і пра астатніх палітвязняў у Беларусі, якіх цяпер больш за паўтары тысячы. «Тое, што мы сюды прыязджаем, што мы тут, значыць, што мы памятаем пра гэта, і гэта значыць, што нам не абыякава тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, беззаконне і тое, што людзі пакутуюць», – адзначыў Занеўскі.
Ён падзякаваў усім за прысутнасць. «Заклікаю і надалей прыходзіць, памятаць і агучваць праблему палітвязняў, дзе толькі можна, і такім чынам мы спадзяемся, што гэтая сітуацыя нарэшце зменіцца», – заклікаў Занеўскі.
У размове з журналістамі ён ацаніў, што становішча Анджэя Пачобута ў калоніі цяжкае, дзеяч па-ранейшаму знаходзіцца ў ізалятары. «Сям'я атрымлівае ад яго лісты, але ў вельмі абмежаванай колькасці. З іх мы ведаем, што ён усё яшчэ знаходзіцца ў штрафным ізалятары, што ён па-ранейшаму не атрымлівае лекаў, якія яму неабходныя штодня. Мы ўсялякімі спосабамі стараемся даведацца больш і ўсяляк сачыць за сітуацыяй», – адзначыў Занеўскі.
Падчас акцыі нагадалі, што Пачобут знаходзіцца за кратамі ўжо 31 месяц і павінен знаходзіцца ў ізалятары да лютага.