Чацвер, 14 Верасень 2023

Палітвязень журналіст Андрэй Аляксандраў у калоніі схуднеў і піша музыку

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Былы намеснік дырэктара БелаПАН, асуджаны на 14 гадоў калоніі, адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі. Андрэй Аляксандраў знаходзіцца ў Наваполацкай калоніі № 2 з канца 2022 году. Паводле сваякоў, ён працуе ў цэху дрэваапрацоўкі, збівае скрыні і паддоны.

Прыблізна 7 месяцаў Андрэй быў пазбаўлены перадач і званкоў, у тым ліку праз скайп, але 12 верасня ўпершыню такі званок адбыўся. Таксама ад Андрэя даходзяць лісты, у якіх ён са стрыманым аптымізмам апісвае сваё жыццё.

Паводле звестак ад палітвязня, ён шмат чытае, піша вершы і нават займаецца музычнай творчасцю. У яго там ёсць сябар-музыка, з якім ён піша песні на ангельскай мове.

Падчас зняволення Андрэй Аляксандраў моцна схуднеў. Цяпер важыць 80 кілаграмаў, а да арышту меў 120. Тым ня меньш, палітзэк у калоніі рэгулярна робіць фізічныя практыкаванні.

Для ведама. Аляксандрава затрымалі разам з ягонай дзяўчынай Ірынай Злобінай у пачатку 2021 году і абвінавацілі ў фінансаванні пратэстаў-2020, а пазней дадалі абвінавачанне ў «здрадзе радзіме». У кастрычніку 2022 году журналіста асудзілі на 14 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Віны Андрэй Аляксандраў не прызнаў.

Франак Гусеў