У абвінавачанні супраць журналіста гаварылася, што Пачобут у медыях назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Таксама яму інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў Gazeta Wyborcza пра беларускія пратэсты ў 2020-м і тэкст у Magazyn Polski, напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.
4 кастрычніка 2022 г. КДБ дадаў журналіста ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. Разгляд справы журналіста неаднаразова пераносілі, і да суду ён адбыў за кратамі амаль два гады.
31 сакавіка 2021г. беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Анджэя Пачобута палітычным зняволеным. Гэты статус быў яму нададзены ўжо другі раз: у 2011 г. Гродзенская абласная пракуратура распачала супраць журналіста крымінальную справу за абразу і паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Судовы працэс быў закрытым, у выніку Пачобута асудзілі за паклёп да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады. Абвінавачанне ў абразе Аляксандра Лукашэнкі з журналіста знялі, ён быў апраўданы і вызвалены ў залі суду. Тады Пачобут правёў у СІЗА два месяцы і страціў больш за 20 кілаграмаў вагі.
Наваполацкая калонія №1, куды этапавалі Анджэя Пачобута, мае кепскую славу праз жорсткае абыходжанне прадстаўнікоў адміністрацыі са зняволенымі . Тут зараз утрымліваюцца каля сотні палітвязняў У тым ліку журналісты Ігар Лосік , Андрэй Кузнечык і Андрэй Аляксандраў.
Міхась Хмара