Аўторак, 28 Сакавік 2023

Віцебскі відэааператар Вячаслаў Лазараў прызнаны палітзняволеным

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Праваабарончая супольнасць прызнала жыхара Віцебску палітвязнем, выступіўшы з адмысловай заявай. У ей падкрэсліваецца, што Вячаслаў Лазараў быў журналістам-фрылансерам, яго неаднаразова затрымлівалі падчас мірных пратэстаў у 2020 г. Цяпер яму прад'яўлены абвінавачанні па частцы 1 артыкула 364-1 Крымінальнага кодэксу (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці). На думку праваабаронцаў, «празмерна шырокае і расплывістае вызначэнне «экстрэмісцкай дзейнасці», прадугледжанае беларускім заканадаўствам, дазваляе ўладам маніпуляваць фармулёўкамі дзеля неправамернага абмежавання права на інфармацыю, свабоды слова і свабоды асацыяцый.

Вячаслава Лазарава затрымалі 9-га лютага пасля ператрусу ў кватэры, дзе ен прапісаны. На вачах у маці-пенсіянеркі сына кінулі на падлогу, заламалі рукі за спіну, а потым, не даўшы толкам апрануцца, павялі ў міліцэйскую машыну. З кватэры забралі мабільныя тэлефоны і асабістыя рэчы, у тым ліку дакументы і грошы, якія Вячаслаў адкладаў на аперацыю для маці ( яна мае інваліднасць, кепска перасоўваецца).

У якасці відэааператара Лазараў працаваў на розных тэлеканалах, у тым ліку на дзяржаўнай тэлевізіі. Быў некалькі разоў асуджаны і аштрафаваны па адміністрацыйным артыкуле 22.9 (да 2020г.) за «парушэнне парадку вырабу і распаўсюду інфармацыйнай прадукцыі ».

Вячаслаў Лазараў мае маленькую дачку, якой няма і году, але апошнім часам жыў асобна, бо сямейнае жыцце не склалася. Прыкладна за месяц да затрымання ен распаўсюдзіў у Фэйсбуку адкрыты ліст, што не выключае пераследу з боку сілавікоў «з падачы» жонкі, якая нібыта пагражала яму, што «збірае кампрамат»і хвалілася «знаемствамі ў КДБ».

«З 2021 году назіраецца масавая практыка адвольнага прызнання «экстрэмісцкімі матэрыяламі» публікацый незалежных СМІ, разам з абвешчаннем беларускіх СМІ «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Адной з самых абуральных формаў пераследу зʼяўляецца прыцягненне журналістаў да крымінальнай адказнасці ў звязку з удзелам у экстрэмісцкім фармаванні ці садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», – пішуць у адпаведнай заяве праваабаронцы. Менавіта гэтую акалічнасць яны лічаць падставовай, што да затрымання віцябляніна Вячаслава Лазарава, а таксама жыхара Мінску Паўла Падабеда – таксама відэааператара, які супрацоўнічаў з незалежнымі СМІ.

Праваабаронцы лічаць, што дзеянні ў дачыненні да Паўла Падабеда і Вячаслава Лазарава з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова.

Феліцыян Красоўскі