Ягоная жонка Дар’я таксама зняволеная: пасля затрымання ў кастрычніку мінулага году, сёлета 19 студзеня яе асудзілі да 2-х гадоў пазбаўлення волі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса). Чатырохгадовую дачку сямейнай пары пакуль што выхоўваюць бацькі Ігара і Дар’і.
Палітзняволеныя муж і жонка доўгі час не мелі магчымасці для ліставання паміж сабой. Пасля абвяшчэння прысуду жонцы адміністрацыя наваполацкай калоніі дала дазвол на ліставанне Ігару Лосіку, але дасланыя Дар’і допісы пакуль застаюцца без адказу. Пакуль невядома, ці дазволілі жанчыне ліставацца з мужам. Дар’я Лосік пакуль знаходзіцца ў берасцейскім СІЗА.
Яна цалкам прызнала сваю віну, калі ёй было прад’яўлена абвінавачанне за інтэрвʼю тэлеканалу «Белсат», які быў прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем». Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Дарʼя «пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня, а таксама дала асабістую негатыўную адзнаку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх аднесена ажыццяўленне крымінальнага пераследу і правасуддзя. Пры гэтым паведаміла, што яе муж не здзяйсняў крымінальных дзеянняў і асуджаны незаконна. Заклікала сваякоў іншых асуджаных узяць з яе прыклад».
Таццяна Віктарава