Першапачаткова Эма Антонаўна праходзіла па крымінальнай справе паводле арт. 369 Крымінальнага Кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 Крымінальнага Кодэкса (Распальванне сацыяльнай варожасці). Пазней апошні артыкул знялі, але дадалі арт. 368 (Абраза Лукашэнкі). З 11 снежня 2021 г. 69-гадовая жанчына знаходзілася ў віцебскім СІЗА-2. Паколькі яна не мае ўласнай сям’і, ёй апекавалася віцебская грамадскасць: незнаёмыя людзі рыхтавалі для яе перадачы, дасылалі лісты і паштоўкі.
За кратамі ў Эмы Сцепулёнак пачаліся праблемы са здароўем, таму ў верасні 2022 г. палітзняволенай змянілі меру стрымання: перавялі пад хатні арышт. 10 лістапада 2022 г. у судзе Мёрскага раёна ў закрытым рэжыме над ёй распачаўся судовы працэс. Прысуд быў абвешчаны 17 лістапада, і Эму Антонаўну ўзялі пад варту ў зале суда. Спачатку жанчыну змясцілі ў віцебскі СІЗА-2, а 9 снежня 2022 г. імя Эмы Сцепулёнак было ўключана ў Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
10 дзён таму палітзняволеную перавялі ў жаночую калонію, і за кратамі яна сустрэне ўжо другі Новы год. Яе можна падтрымаць лістамі, накіраваўшы іх на адрас: 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, ПК-4. Сцепулёнак Эме Антонаўне.
Станіслаў Іваноўскі