Сябры, якія лістуюцца з Андрэем Кузнечыкам, ужо працяглы час не атрымліваюць адказы з-за кратаў. І невядома, ці аддаюць яму самому лісты з волі. Лісты ад палітвязня даходзяць толькі да ягоных родных, і таму ягоная жонка Алеся Рак прапануе павіншаваць Андрэя з народзінамі адмысловым чынам.
Дзень народзінаў у зняволенага журналіста ўжо праз два тыдні, 29 снежня. Паколькі няма пэўнасці, што ўсе віншаванні да яго дойдуць, Алеся прапануе перадаць іх праз яе. Усе ахвотныя могуць знайсці яе акаўнт у сацыяльных сетках і пераказаць пажаданні, якія яна выкладзе ў лістах да мужа, бо іхная перапіска пакуль стабільная.
«Прапаную ўсім ахвотным выслаць мне чыстыя паштоўкі, якія я перашлю Андрэю. Паштоўкі любыя. Думаю, яму будзе цікава, напрыклад, паглядзець краявіды мясцін, дзе вы цяпер. Фоткі таксама можна. Кароткі (ці не дужа) тэкст можна напісаць на асобным лісце, я перакажу. Хаця б пару слоў пра тое, як вашы справы, настрой і чаканні», – звярнулася Алеся Рак да сяброў мужа на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Паколькі застаецца верагоднасць, што некаторыя лісты ўсё ж такі трапяць да Андрэя Кузнечыка, яго па-ранейшаму можна падтрымаць, напісаўшы на адрас ПК-1. Тым болей што да вязняў, якіх падтрымлівае шмат людзей, з большай павагай ставіцца нават адміністрацыя пенітэнцыярных установаў.
Адрас для лістоў і віншаванняў: ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Андрэю Аляксеевічу Кузнечыку
Станіслаў Іваноўскі