«Зараз мне істотна лепей. Тым болей, што змяніў абстаноўку – 21.11 мяне часова перавялі з адзіночкі ў медсанчастку па вынікам рэнтгена. Сказалі, што ў мяне выяўлена «правабаковае запаленне лёгкіх». Мушу прымаць антыбіётыкі. Але нарэшце сёння пазбавіўся тэмпературы, якая дагэтуль была пастаяннай на ўзроўні ~ 38°С. Нармалізаваўся і апетыт, зноў пачаў чытаць газеты і часопісы,» – цытуе ліст палітвязня Марына Адамовіч.
Мікалай Статкевіч піша, што лісты складае вельмі марудна. Магчыма, сказваюцца наступствы хваробы, якая, з ягоных словаў, працякала цяжка: «Недзе з 11.11 па 15.11 быў «пік». Увесь час высокая тэмпература, ламата ў целе і амаль увесь час з невялікімі перапынкамі моцная арытмія». У часе хваробы палітык знаходзіўся ў адзіночнай камеры, у медсанчастку яго паклалі толькі тады, калі рэнтгенаўскі здымак паказаў пнеўманію.
З часу адпраўкі апошняга ліста прайшло ўжо багата часу – больш за тыдзень. Таму не вядома, ці перавялі Мікалая Статкевіча назад у камеру. Пакаранне ён адбывае ва ўмовах мовах асаблівага рэжыму. Яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а таксама адміністрацыя калоніі паставіла яго на ўлік як схільнага да экстрэмізму.
Станіслаў Іваноўскі