Нядзеля, 11 Верасень 2022

Палітвязня Андрэя Кузнечыка міліцэйскія чыноўнікі залічылі ў “экстрэмісты”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На сайце МУС, з’явіўся адноўлены пералік асобаў, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай» дзейнасці. У спіс трапіў былы журналіст-фрылансер "Радыё Свабода" вязень наваполацкай калоніі № 1 Андрэй Кузнечык, які быў асуджаны да шасці гадоў калоніі за “стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім”.

Андрэя затрымалі 25 лістапада 2021 года. У ягонай кватэры адбыўся ператрус. Пасля затрымання фрылансера сілавікі ненадоўга здолелі захапіць кантроль над тэлеграм-каналам "Радыё Свабода". На наступны дзень Андрэя Кузнечыка асудзілі судом Заводскага раёну Мінска на 10 сутак, аднак 5 снежня на волю не выйшаў і быў зноў асуджаны тым жа судом на 10 сутак. Але і 15 снежня яго не вызвалілі.

23 снежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але інфармацыі, па якім артыкуле была распачата крымінальная справа, не паведамлялася. Кузнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Да гэтага часу сваякам не паведамляюць сутнасць абвінавачванняў. Адвакат таксама знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

У сярэдзіне траўня 2022 года стала вядома, што Андрэя перавялі з СІЗА-1 у магілёўскую турму.

Разгляд ягонай справы адбыўся на пачатку чэрвеня у Магілёўскім абласным судзе. Журналіста абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).

Суддзя Ігар Шведаў прызнаў яго вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму на тэрмін 6 гадоў. 1 верасня 2022 года Андря этапаваны з турмы № 4 у наваполацкую калонію № 1.

Каб падтрымаць Кузнечыка, треба накіроўваць лісты на адрас: ПК №1, вул. Тэхнічная, 8, 211440, г. Наваполацк, Віцебская вобласць.

Іван Чайка