Серада, 07 Верасень 2022

Палітвязня Мікалая Статкевіча ўжо больш за месяц не выводзяць на свежае паветра

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Адсутнасць прагулак адміністрацыя глыбоцкай калоніі ПК 13 тлумачыць рамонтам ва ўнутраным двары. Пра гэта зняволены палітык напісаў у лісце да жонкі, Марыны Адамовіч. Таксама ён паведаміў, што яго перавялі ў іншую камеру – «адзіночку», якая «на сантыметраў 7 шырэйшая і гэтага хапіла, каб прасунуцца паўз тумбачку да сценкі, супрацьлеглай дзвярам».

Мікалай Статкевіч піша, як ён бавіць час: «Паступова павялічваю нагрузкі падчас заняткаў фізкультурай. Днём у мяне тры «прагулкі» па камеры па 30-40 хвілін і адна вечарам на 20-30 хвілін. Падчас дзённых «прагулак» раблю фізічныя практыкаванні. З-за памераў камеры прыйшлося ўводзіць практыкаванні з «гантэляй», у якасці якой скарыстоўваю ПЭТ-бутэльку 1,5 літра. Праўда, з-за невялікай вагі мушу цягаць гэтую «гантэлю» па разоў 800 за дзень. І з часам прыйдзецца гэтую колькасць яшчэ павялічваць».

5 жніўня зняволенага апазіцыйнага палітыка на паўгода змясцілі ў адзіночную камеру. Адразу ж па прыбыцці ў глыбоцкую калонію ён напісаў заяву з просьбай перавесці яго ў «адзіночку», каб пазбегнуць канфліктных сітуацый з сукамернікамі і адміністрацыяй установы. Але атрымаў адмову – маўляў, ніякай пагрозы ні з боку суседзяў, ні з боку ахоўнікаў для яго няма. Таму ў адзіночную камеру ён трапіў толькі ў якасці пакарання, да гэтага ён мае абмежаванні ў спатканнях і пасылках з волі.

Палітвязень Мікалай Статкевіч асуджаны да 14-ці гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя масавых беспарадкаў).

Феліцыян Красоўскі