Панядзелак, 01 Жнівень 2022

Жонка палітвязня Мікалая Статкевіча прапануе падтрымаць яго віншаваннямі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Дзень народзінаў у палітзняволенага апазіцыйнага палітыка будзе 12 жніўня. Мікалай Статкевіч вымушаны сустрэць сваё свята ў глыбоцкай калоніі, увогуле ж за кратамі ён знаходзіцца больш к 790 дзён. Ён быў затрыманы 31 траўня 2020 г. па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. 14 снежня 2021 г. яго асудзілі на 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў»).

З канца чэрвеня 2022г Мікалая Статкевіча ўтрымліваюць у глыбоцкай калоніі № 13, вядомай пад народнай назвай «Беразвечча». Паводле ягоных лістоў, напісаных да жонкі Марыны Адамовіч, адміністрацыя папраўчай установы адразу ж паставіла яго на ўлік як схільнага да экстрэмізму, а ў ліпені пазбавіла рэжымнай перадачы і змясціла ў ШІЗА.

«Мікалай па-ранейшаму ў ШІЗА у Глыбокім. Як мінімум, да 4-га жніўня. Як мінімум, цягам месяца – трэці раз па 10 сутак. У прамежках, пакуль «афармляюць парушэнні», выводзяць на некалькі гадзін у маленькую камеру метр шырынёй. Што будзе далей, не ведаю. З навінаў – хіба толькі новы «пачэсны» статус «злоснага парушальніка». «Экстрэмістам» ужо раней абʼявілі. Здавацца Мікалай не збіраецца», –напісала Марына Адамовіч у Фэйсбуку.

Яна просіць падтрымаць зняволенага віншаваннямі з днём народзінаў, якія можна дасылаць на адрас: 211793 Віцебская вобл., г. Глыбокае вул. Савецкая, 205 ПК-13, Статкевічу Мікалаю Віктаравічу.

Феліцыян Красоўскі