«Я зняў сцёбнае відэа ў вёсцы: быццам сяджу зранку ў прыбіральні з «Советской Белоруссией», на фоне гучыць гімн. Выклаў яго ў свой Інстаграм. І супраць мяне распачалі крымінальную справу па 370-м артыкуле (здзек з дзяржаўных знакаў. — НН). Так восенню 2021 года я з’ехаў», — згадвае малады чалавек.
Турцыю Яўген стабільна наведваў з 2013 года, а з 2015-га ўвогуле пачаў арганізоўваць там паходы — вадзіў людзей па Лікійскай сцежцы, Карыйскай, у Качкар.
«Для жыцця выбраў Махмутлар, невялікі горад побач з Аланіяй. Тут жыве багата расейскамоўных. А цяпер і беларусаў. Я сам пазнаёміўся недзе з дваццаццю-трыццаццю нашымі. У асноўным гэта айцішнікі. Некаторыя з’язджалі сюды з Украіны 25-26 лютага, многія нават без пашпартоў.
Толькі ў маім доме жыве некалькі беларускіх сем’яў. Ëсць тут і ўкраінцы. З адной сям’ёй я неяк сутыкнуўся ў ліфце, і старая кабета запытала, адкуль я. Як на беларуса, на мой адрас паляцелі агрэсіўныя выказванні. Але калі я патлумачыў, што ў нас адбываецца ў плане рэпрэсій, яна супакоілася. Украінцы далёка не ўсе ведаюць пра нашу сітуацыю. Цяпер мы з імі вітаемся нармальна, абменьваемся навінамі. Што тычыцца туркаў, то да ўсіх замежнікаў яны ставяцца аднолькава добра, здаецца», — расказвае Яўген.
«За паход на рынак аддаю менш за дзесяць даляраў і вяртаюся з заплечнікам на кілаграмаў восем»
Сярэдняе па памерах жытло ў Махмутлары можна зняць за 500-600 еўра, зусім маленькую кватэру рэальна знайсці ў раёне 400. Каб забяспечваць сябе, Яўген працягвае ладзіць турыстычныя туры па краіне для рускамоўных на 1-2 дні.
«У Турцыі вельмі здорава з ежай. На базарах усё каштуе капейкі: суніцы, чарэшні, садавіна, гародніна. За адзін паход я аддаю 150 лір (менш за 10 даляраў), і гэтага мне хапае на тыдзень.
З базара заўсёды вяртаюся з заплечнікам на кілаграмаў 8-10. Туркі, яны яшчэ такія: ты бярэш кілаграм, а яны зверху дарма могуць насыпаць. У крамах хіба што не хапае сыркоў глазураваных. Тут багата расійскіх крам ці з уладальнікамі-ўкраінцамі, і там часам можна нават натыкнуцца на «Лідскі квас», — адзначае наш суразмоўца.
«Бюракратыі ў Турцыі менш»
Рахунак для сябе Яўген адкрываў у мясцовым İŞ bank, карыстаючыся гугл-перакладчыкам, — агулам усе працэдуры занялі 40 хвілін. На афармленне прапіскі ў яго сышло пяць хвілін — на думку мужчыны, бюракратыі ў Турцыі менш.
З мінусаў ён адзначае толькі адсутнасць перад вачыма беларускіх краявідаў:
«Мне вельмі падабалася вандраваць па Беларусі — то на ровары, то пешшу куды, па Ельні той жа. Блізкіх маіх тут не хапае. У вялікіх гарадах Турцыі ў наступным годзе магчымыя пратэсты праз выбары. Хаця тут напоўніцу ў СМІ ўжо пішуць, што Эрдагана падтрымлівае больш за 50% насельніцтва. Мясцовых з дзяцінства прывучаюць не размаўляць пра палітыку, не скардзіцца, займацца сваімі справамі. Але працы туркам не хапае відавочна.
У любым выпадку, у горадзе, дзе я цяпер, больш замежнікаў, і я адчуваю сябе тут у бяспецы. Няма больш параноі, як у Беларусі: нібыта за мной пастанна нехта сочыць і падаецца, што незнаёмая машына ў двары — абавязкова па мяне».
Яўгену пашанцавала прыехаць раней — у 2021 годзе ў Турцыі была меншая плынь уцекачоў і ён атрымаў ВНЖ адразу на год.
«Увосені від на жыхарства скончыцца, планую яго працягваць. Мабыць, пераеду ў іншы рэгіён: трэба павандраваць па краіне, Турцыя ж вялікая. У наш неспакойны час будаваць далёкія планы няма ніякага сэнсу. На гэты момант мне камфортна ў гэтай краіне», — падсумоўвае Яўген.