Што патрэбна зрабіць, каб пабрацца шлюбам?
Людзі, якія маюць намер пабрацца шлюбам, запаўняюць заявы: кожны сваю. Узор можна атрымаць у ЗАГС таго раёну, да якога тэрытарыяльна адносіцца СІЗА/калонія. Чалавек на волі дасылае іх начальніку ўстановы, дзе знаходзіцца зняволены (-ая). Начальнік СІЗА/калоніі завярае, што подпіс і пашпартныя дадзеныя чалавека ў няволі сапраўды належаць яму, і дасылае заявы назад чалавеку, які знаходзіцца на волі. Таксама па некаторых звестках, у ПК-8 гэтай працэдурай займаецца натарыўс.
Пасля гэтага чалавек на волі адносіць заявы у ЗАГС, дзе прызначаюць дату шлюбу. Часцей за ўсё, гэтыя даты вызначаныя ўстановамі загадзя.
Валеры раіць сачыць за тэрмінамі пераводаў чалавека з СІЗА ў калонію і старацца паспець падаць заяву ва ўстанову да таго, як яго этапуюць.
Як праходзіць рэгістрацыя?
Рэгістрацыя шлюбу адбываецца ў будынку калоніі. Уся працэдура цягнецца пяць хвілін, там прысутнічаюць маладыя і супрацоўніца ЗАГС, супрацоўніца калоніі.
З дазволу начальніка ўстановы на рэгістрацыі шлюбу таксама могуць прысутнічаць сведкі і блізкія сваякі. Для гэтага патрэбна падаваць адмысловыя заявы.
Колькі каштуе працэдура?
Пабрацца шлюбам у зняволенні каштуе столькі ж, колькі і на волі: адну базавую велічыню (32 рублі). Таксама трэба ўлічваць, што патрэбна забяспечыць дарогу супрацоўніку ЗАГС да месца зняволення і назад.
Што можна рабіць падчас рэгістрацыі?
Калі падчас шлюбу не дзейнічаюць каранцінныя абмежаванні, то дазваляецца абняцца, пацалавацца і абмяняцца некалькімі словамі. У некаторых выпадках абдымацца маладым забаранялі, а цырымонія адбывалася праз шкло. Магчыма, дазволена мець пры сабе кветкі: гэтае пытанне Валеры не ўдакладняў, аднак такія выпадкі вядомыя.
Пасля афармлення шлюбу нельга заставацца ў памяшканні са зняволеным (-ай) нават на 10-15 хвілін.
Якія магчымасці з'яўляюцца ў новай сям'і?
Акрамя спатканняў, званкоў і магчымасці перадаваць перадачы, маладым належыць яшчэ адно працяглае спатканне да трох сутак адразу пасля шлюбу. Важна, што дадатковае спатканне даецца, толькі калі шлюб быў зарэгістраваны ў калоніі, а не ў СІЗА. Як хутка яго дадуць – залежыць ад аператыўных супрацоўнікаў часткі, тэрміны і ўмовы не прапісаныя ў законе.