Значнай часткай мерапрыемства стала паведамленне пра тое, як падтрымаць палітвязняў. Было заяўлена, што для палітвязняў вельмі важна атрымліваць лісты з волі нават ад незнаёмых людзей.
«Пісаць трэба і можна пра што заўгодна: пра прыроду, фільмы, кнігі, падарожжы, новую працу. Чалавеку ў зняволенні важна ведаць навіны, атрымліваць яркія эмоцыі, тэмы, якія можна абмеркаваць. Прыемна атрымліваць паштоўкі, адпраўленыя здалёк. Калі вы хочаце, каб вам адказалі, каб завязалася дыскусія, даведацца пра суразмоўцу лепш – варта задаваць пытанні», – раілі актывісты.
Прысутных на сустрэчы папярэдзілі, пра што пісаць дакладна не варта.
«Ваш ліст абавязкова прачытае цэнзар. Не выкарыстоўвайце мацюкі, невядомыя абрэвіятуры, не пішыце на замежнай мове. Цэнзар замажа, выража нейкія часткі ці ўвогуле не перадасць ліст, калі яму нешта не спадабаецца. Відавочна яўнай палітычнай цэнзуры ў СІЗА і калоніях няма – ва ўсякім разе гэта не з'яўляецца агульным правілам. Так што пісаць пра тое, што адбываецца ў краіне і свеце, пра сваё стаўленне да гэтага, можна. Але не варта шкадаваць зняволенага, казаць, напрыклад, што «доўга не адважваўся вам напісаць», «мы так перажываем» – гэта можа раздражняць. Яшчэ ёсць такое слова «трымайся», якое не вельмі любяць вязні і іх сваякі», – казалі падчас сустрэчы.
У завяршэнні мерапрыемства было прапанавана зайсці на сайт «Лісты ў клетачку», дзе размешчана шмат важнай інфармацыі пра падтрымку палітычных зняволеных у Беларусі.
Лявон Яфрэменка