Гісторыя памылкі пачалася з таго, што палітвязню Уладзіславу Макавецкаму на хатні адрас паступіла позва за подпісам пракурора гораду Віцебску Андрэя Шклярэўскага аб неабходнасці з'явіцца ў пракуратуру гораду. У выпадку ўхілення ад яўкі, пракурор папярэджваў Макавецкага, што будзе дастаўлены пад прымусам супрацоўнікамі міліцыі.
Тым не менш, сваё папярэджанне пракурор Шклярэўскі не выканаў, а толькі накіраваў Макавецкаму на хатні адрас афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.
Але закавыка была ў тым, што Уладзіслаў Макавецкі на той момант быў ужо за кратамі. Паводле рашэння суду Кастрычніцкага раёну Віцебску ён быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі і яшчэ да вынясення афіцыйнага пракурорскага папярэджання быў этапаваны ў Берасцейскую вобласць у ПК №22 для адбыцця пакарання.
Праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся ў Віцебскую абласную пракуратуру, каб яна дала прававую ацэнку дзеянням пракурора гораду з нагоды выкліку грамадзяніна, які знаходзіцца пад вартай, у пракуратуру і накіравання афіцыйнага папярэджання не па месцы ягонага знаходжання.
Намеснік пракурора Віцебскай вобласці Рыгор Каранько паведаміў, што зварот па пытаннях нязгоды з дзеяннямі пракурора Віцебску ў дачыненні да Макавецкага пакінула без разгляду па сутнасці, бо Левінаў не пацвердзіў сваіх паўнамоцтваў прадстаўляць інтарэсы Макавецкага ў дзяржаўных органах.
«З такім рашэннем я не пагадзіўся, бо мэтай майго звароту ў абласную пракуратуру было выправіць памылку кіраўніка ніжэй стаячай пракуратуры, вярнуць гарадскога пракурора ў прававое поле. Бо пракуроры таксама людзі, і ім часам уласціва памыляцца», – патлумачыў сваю пазіцыю Павел Левінаў.
Выправіць памылку Левінаву ўдалося праз кіраўніка абласной пракуратуры. Той у сваім адказе на скаргу праваабаронцы паведаміў пра тое, «што сітуацыя, на якую акцэнтаваная ўвага, прынятая да ведама і ўлічаная ў працы».
Міхась Пісараў