Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, надпісы «Жыве Беларусь», «3%» ды іншыя былі нанесеныя на будынак крамы, на кантэйнеры для збору смецця, шапікі «Табакерка» і іншыя будынкі і збудаванні. 21-гадовага Міхаіла Беркаса затрымалі ў лістападзе 2020 году падчас нанясення надпісаў.
Неўзабаве пасля затрымання ў дом, дзе разам з бацькамі жыве Міхаіл, наляцелі супрацоўнікі сілавых органаў.
«Прыехалі да нас праз два дні, зрабілі ператрус, забралі ўсю апаратуру, тэлефоны, ноўтбукі, флэшкі – усё забралі», – расказвае бацька палітвязня Аляксей Беркас.
Паводле яго, пад арыштам Міхаіл прабыў 6 дзён, але на час следства, да суду, яго адпусцілі. Яшчэ да вынясення судовай пастановы хлопец уладкаваўся на працу ў прыватную фірму, але атрымаць свой першы заробак так і не паспеў. Раней ён вучыўся ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, але на трэцім курсе забраў дакументы. Як кажа бацька, вучыўся добра, але ў нейкі момант зразумеў, што гэта не ягоная справа: не выносіў крыві і не хацеў прычыняць боль жывёлам.
Аляксей Беркас сцвярджае, што ўмовы ўтрымання ў віцебскім СІЗА ў сына нармальныя, стаўленне з боку адміністрацыі таксама людскае. У бацькі ўзялі дзве перадачы і дазволілі адно спатканне. Аднак патэлефанаваць родным Міхаілу не дазволілі, а лісты да дому пакуль не даходзяць.
Бацька палітвязня не асуджае ўчынкі свайго сына, нават наадварот – цалкам падзяляе ягоныя погляды на сітуацыю ў краіне.
«Я яго цалкам падтрымліваю. Таму што ўсё гэта няправільна, што цяпер адбываецца. Для нашай улады зараз няма закону. То бок ён ёсць, але выконваць яго павінны толькі мы, але не яны», – мяркуе спадар Аляксей.
Неўзабаве (у сярэдзіне красавіка) Міхаіл Беркас мае выйсці на волю. Бацькі, сябры і блізкія чакаюць яго на свабодзе.
Уладзімір Бяляўскі