Панядзелак, 27 Ліпень 2015

Віцебскі праваабаронца падаў заяўку на пікет

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Аўтарам заяўкі, пададзенай ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну Віцебску, зьяўляецца Леанід Сьвецік. Мэта акцыі, якая мусіць адбыцца 4 жніўня, – азнаёміць жыхароў гораду з фактам наяўнасьці ў Беларусі палітвязьняў, прызнаных гэтакімі беларускай грамадзкасьцю, міжнароднымі і беларускімі праваабарончымі арганізацыямі.

У сваёй заяве ў раённую адміністрацыю Леанід Сьвецік асабліва падкрэсьліў, што пікет будзе праводзіцца ў месцы, вызначаным рашэньнем гарвыканкаму, таму просіць лічыць, што мерапрыемства будзе праводзіцца з удзелам дзяржавы.

«Зыходзячы з гэтага, лічу неабходным паведаміць Адміністрацыі пра абавязак забясьпечыць на вышэй заяўленым мерапрыемстве грамадзкі парадак, мэдычнае і камунальнае абслугоўваньне за кошт дзяржавы. Таму прашу даць указаньне адпаведным службам пра  заключэньне дамоваў з арганізатарам пікетаваньня».

Леанід Сьвецік нездарма зрабіў націск на заключэньні дамоваў. Менавіта адсутнасьць такіх дамоваў у арганізатараў масавых мерапрыемстваў зьяўляецца асноўнай фармальнай прычынай, на падставе якой мясцовыя ўлады Віцебску забараняюць правядзеньне такіх мерапрыемстваў. Добраахвотна, без адпаведнага загаду ўладаў, на заключэньне неабходных дамоваў апошнім часам пагаджаюцца толькі камунальнікі, міліцыя ж і лекары заўсёды знаходзяць нейкія прычыны, каб ухіліцца ад гэтага.

Віцебская вясна