Панядзелак, 09 Ліпень 2018

Палітвязень Міхаіл Жамчужны: У мяне ўсё цудоўна...

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Міхаіл Жамчужны Міхаіл Жамчужны

Упершыню за апошнія шэсьць месяцаў віцебскія праваабаронцы атрымалі ліст ад палітвязьня Міхаіла Жамчужнага. Ён піша, што за апошнія паўгода накіраваў у Віцебск тры лісты, але ў адказ нічога не атрымаў. Гэтая акалічнасьць зьдзіўляе віцебскага праваабаронцу Леаніда Сьвеціка.

“Сёлета я накіраваў Жамчужнаму пяць лістоў і адну віншавальную паштоўку. Пры гэтым ад яго не атрымаў аніводнага паведамленьня. Мы зь Міхаілам перапісваемся рэгулярна цягам ужо трох гадоў. І гэты факт наводзіць мяне на думку, што з боку ПК-9 назіраецца сыстэматычнае парушэньне грамадзянскіх правоў палітвязьня Жамчужнага”, – мяркуе  Леанід Сьвецік.  

Міхаіл Жамчужны паведаміў таксама ў лісьце, што да 19 чэрвеня ён знаходзіўся ў памяшканьні камэрнага тыпу, бо напрыканцы траўня яго пакаралі 10 суткамі знаходжаньня ў штрафным ізалятары – “нібыта за спазьненьне на дзьве хвіліны пры выкананьні каманды “Адбой”.

Насамрэч, сапраўднай прычынай пакараньня стала просьба палітвязьня да адміністрацыі даць яму магчымасьць азнаёміцца з адказамі на скаргі па ягонай крымінальнай справе.

Аддзел уласнай бясьпекі МУС па Віцебскай вобласьці павінен быў расьсьледаваць пададзеныя ў скарзе факты вымаганьня ў палітвязьня хабару старэйшым опэрупаўнаважаным Кастрычніцкага РАУС Віцебску Жукавым. Гэтыя дакумэнты, як мяркуе Міхаіл Жамчужны, далі б яму права на перагляд справы, бесьпярэчную рэабілітацыю і апраўданьне.   

“Дакумэнты я атрымаў у той жа дзень, таму што патрабаваў іх у прысутнасьці пракурора. Але за гэта атрымаў 10 сутак ШІЗА”, – піша Жамчужны.  

У сваім кароткім лісьце палітвязень расказаў таксама праваабаронцам, як сябе адчувае і чым займаецца. “Здароўе ў парадку, настрой цудоўны. Абскарджваю рэжым утрыманьня ў пракуратуру Магілёўскай вобласьці”, –  паведаміў Міхаіл Ігаравіч.

Традыцыйна падзякаваў усім , хто падтрымлівае яго лістамі ды ў сродках масавай інфармацыі.

Лявон Яфрэменка