Агрэсар быў у чорных акулярах, вязаных чорных пальчатках і шапцы. Ён схапіў Жамчужнага за горла і некалькі разоў ударыў па галаве. Пасьля гэтага нападнік прыгразіў «распусьціць на ніткі» палітвязьня, калі сустрэне яго яшчэ раз у калёніі. Жамчужны ўжо накіраваў скаргу ў абласную пракуратуру.
Праваабаронцы занепакоеныя тым, што адбываецца ў калёніі. Прэзыдэнт Беларускага дому правоў чалавека Тацяна Равяка накіравала зварот у грамадзкую назіральную камісію пры Ўпраўленьні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму, у якім папрасіла праверыць ПК №9. Акрамя інцыдэнту са зьбіцьцём, яе турбуе таксама стаўленьне адміністрацыі калёніі да палітвязьня:
«Абараняючы свой гонар і годнасьць, Міхаіл Жамчужны, пачынаючы са жніўня 2017 году, нязьменна адмаўляецца ад накіраваньня яго ў атрад, сфармаваны з асуджаных “зь нізкім статусам”. На цяперашні момант вядома пра 18 спагнаньняў, вынесеных Жамчужнаму ў сувязі з гэтымі адмовамі, якія тлумачацца адміністрацыяй ПК №9 як парушэньне вызначанага парадку адбыцьця пакараньня: 2 разы ён быў зьмешчаны ў памяшканьне камэрнага тыпу, кожны раз на тэрмін 1 месяц, 16 разоў – на розныя тэрміны разьмяшчэньня ў штрафны ізалятар», – пазначыла ў заяве Равяка.
Паводле яе словаў, некаторым лістам Міхаіла Жамчужнага не даюць пакінуць межы калёніі, таму яна вырашыла асабіста зьвярнуцца ў ГНК. Праваабаронца папрасіла назіральную камісію асабіста сустрэцца з палітвязьнем, а таксама высьветліць, наколькі абгрунтаванымі зьяўляюцца дысцыплінарныя спагнаньні, якія яму выносяцца.
Алесь Сьвятліцкі, mspring.online