Нядзеля, 24 Верасень 2017

Палітвязень Жамчужны: месяц у штрафным ізалятары і месяц у турме

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пасьля больш як месячнага маўчаньня віцебскія праваабаронцы атрымалі доўгачаканы ліст ад палітвязьня Міхаіла Жамчужнага. Страту камунікацыі са зьнешнім сьветам Міхаіл Ігаравіч патлумачыў тым, што працяглы час, 29 сутак, ён знаходзіўся ў штрафным ізалятары.

Міхаіл мяркуе, што яго лісты маглі не прыходзіць адрасатам праз цэнзуру папраўчай калёніі. «Тут цэнзура зьнішчае лісты, якія зьмяшчаюць цынізм, незразумелыя ім абазначэньні або словы. Прычым не паведамляецца зьняволеным, што менавіта ім не спадабалася, ставячы аўтара ліста ў тупік», – апісвае працу цэнзуры вязень сумленьня Жамчужны. Такія паводзіны цэнзараў, на думку Жамчужнага, зьяўляюцца адным з прыёмаў ціску на псыхіку зьняволеных. Больш таго, «падцэнзурныя памылкі» потым кваліфікуюцца як парушэньне вязьнямі рэжыму ўтрыманьня.

Паводле Міхаіла Жамчужнага, прычынай жорсткага пакараньня, якое было ўжытае да яго, сталі пагрозы з боку спэцкантынгенту ў ягоны адрас і яго патрабаваньні да адміністрацыі калёніі пра бясьпечныя ўмовы ўтрыманьня. «Пасьля карантыну я быў разьмеркаваны ў атрад №21, дзе прабыў 4 дні. Затым я заехаў у ШЫЗА 4 разы запар – на 5, 7, 10 і 7 сутак. Адтуль наўпрост у памяшканьне крытага тыпу (ПКТ) (афіцыйна ПКТ расшыфроўваецца як «памяшканьне камэрнага тыпу» – рэд.) – на 1 месяц, г.зн. буду ў ім да 04 кастрычніка. Паралельна пераводзіўся ў 12-ы, 13-ы і 3-ці атрады», – даслаў палітвязень на волю расказ пра свае нягоды.

Міхаіл Ігаравіч напісаў калегам-праваабаронцам, што цяпер знаходзіцца ў двухмясцовай камэры адзін. У ёй ёсьць усё неабходнае для нармальнага побыту. Яго штодня выводзяць на шпацыр, добра кормяць, ён мае штодзённы мэдкантроль, двойчы на суткі робіцца абыход прадстаўнікамі адміністрацыі. Палітвязень атрымлівае пяць газэтаў – «Народную волю», «Новы час», «Свободные новости плюс», «Белгазету», «Нашу Ніву», і адзін часопіс – «Популярную механику». Яшчэ Жамчужны хацеў бы, каб яму нехта выслаў бандэрольлю плястмасавы кубак, драўляную лыжку ды пару шакаладак. Аднак у задавальненьні гэтага маленькага жаданьня яму адмовіла адміністрацыя – на думку кіраўніцтва калёніі, бандэролі вязьні могуць атрымліваць толькі ад блізкіх сваякоў.

Знаходзячыся ў ізаляцыі, палітвязень займаецца сваёй прававой абаронай. У лісьце ён распавядае пра гэта наступным чынам: «Працую над чарговай вэрсіяй нагляднай скаргі, заснаванай на маіх заявах у АБУ (аддзел бясьпекі ўласнай – рэд.) МУС, КДБ, СК за вымагальніцтва хабараў, падробку рэчыўных доказаў супрацоўнікамі МУС і СК, дзяржслужбоўцамі, надзеленымі ўладай».

Не зважаючы на ўсе цяжкасьці і складанасьці, Міхаіл Жамчужны заяўляе ў лісьце пра свой бадзёры і прыўзьняты настрой ды добрую фізычную форму. Ён перадае прывітаньне ўсім, хто цікавіцца яго лёсам, і просіць толькі аб тым, каб неабыякавыя людзі не забывалі пісаць яму аптымістычныя лісты.

Віцебскі праваабаронца Міхаіл Жамчужны знаходзіцца за кратамі са жніўня 2014 году. У цяперашні момант утрымліваецца ў папраўчай калёніі №9 (г. Горкі, Магілёўская вобласьць). За нібыта падбухторваньне да наўмыснага раскрыцьця сакрэтных зьвестак, незаконнае набыцьцё і збыт спэцсродкаў для таемнага атрыманьня інфармацыі і даваньне хабару ён быў асуджаны на шэсьць з паловай гадоў зьняволеньня. Беларускай праваабарончай супольнасьцю Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным вязьнем.

Лявон Яфрэменка