Аўторак, 16 Май 2017

Палітвязень Міхаіл Жамчужны: Я трапіў у жорсткія ўмовы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Міхаіл Жамчужны Міхаіл Жамчужны

«Мяне перавялі ў ПК №11 [папраўчая калёнія №11, г. Ваўкавыск – рэд.]. Я расцэньваю гэта як перамогу над адміністрацыяй ПК №14 [ст. Навасады, Барысаўскі р-н], бо дастаў доказы фальшаваньня ўсіх маіх парушэньняў рэжыму шляхам апытаньня сьведак-вязьняў. Яны далі пісьмовыя паказаньні на маю карысьць і папрасілі запрасіць іх у суд», – паведаміў палітвязень у чарговым лісьце віцебскім праваабаронцам.

Прайшоўшы за тыдзень пяць этапаў, тры пераезды ў сталыпінскіх вагонах, дзьве турмы (у Жодзіне і Баранавічах), ІЧУ г. Барысава, Міхаіл Ігаравіч пастаянна размаўляў са зьняволенымі. І прыемна быў зьдзіўлены сваёй вядомасьцю, меў маральную падтрымку ды адчуваў павагу сярод людзей, якія адбываюць пакараньне.

«Цяпер я трапіў у досыць жорсткія ўмовы, але адаптуюся паступова», – піша калегам палітвязень Жамчужны. Зь яго першага ўражаньня, да яго прыбыцьця ў ПК№11 адміністрацыя ўстановы грунтоўна падрыхтавалася: была праведзеная тлумачальная і выхаваўчая праца сярод работнікаў калёніі і вязьняў на прадмет правільных «стасункаў» зь ім.

Таксама Жамчужны паведамляе ў лісьце, што знаходзіцца ўжо тры тыдні ў карантыне, і ў яго практычна адсутнічае доступ да якой-кольвек інфармацыі. Таму просіць, каб сябры і калегі-праваабаронцы не перапынялі зь ім ліставваньня. Жамчужны паведамляе новы паштовай адрас для камунікацыяў: ПК №11, «Карантын», вул. Ракасоўскага, 118, 231900, г. Ваўкавыск, Гарадзенская вобласьць.

Лявон Яфрэменка