Міхаіл Ігаравіч лічыць, што працэдура выбару дэпутатаў адбылася ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам з загадзя вядомым вынікам. На думку палітвязьня, у парлямэнт трапілі толькі тыя людзі, якія маюць карупцыйны патэнцыял, чым яны і добрыя для цяперашняга палітычнага рэжыму і спэцорганам, што верна служаць яму.
Ён шкадуе, што раней наіўна меркаваў, што ў Беларусі можна займацца праваабарончай дзейнасьцю - абараняць правы зьняволеных, а праца ў якасьці дэпутата парлямэнту будзе толькі замінаць гэтай справе. Цяпер ён перагледзеў сваё стаўленьне да палітычнай дзейнасьці і цьвёрда ўпэўнены, што толькі са зьменай існуючай палітыкі дзяржавы можна зьмяніць і ўмовы жыцьця людзей, якія адбываюць крымінальнае пакараньне.
Палітвязень Жамчужны паведамляе сваім калегам-праваабаронцам, што ў пэрыяд знаходжаньня ў віцебскім абласным сьледчым ізалятары ён быў падвергнуты жорсткаму, бесчалавечнаму абыходжаньню зь ім з боку работнікаў гэтай установы. Паводле яго сьцьверджаньня, у СІЗА выкарыстоўваліся розныя недазволеныя мэтады допытаў, якія дапамагалі сьледзтву атрымліваць неабходныя зьвесткі для раскрыцьця крымінальных злачынстваў.
Тым ня менш Міхаіл Ігаравіч глядзіць на мінуўшчыну з доляй здаровага аптымізму і верыць, што часы пачатку 2000-х гадоў прамінулі, і ў цяперашні час у віцебскім СІЗА усе сьледчыя дзеяньні праводзяцца ў межах працэсуальнага крымінальнага Закону.
На здароўе і душэўны стан Жамчужны ня скардзіцца. Ён шкадуе толькі пра тое, што паводле прысуду пазбаўлены 90% пэнсіі і ўсёй рухомай маёмасьці. Тым ня менш вязень ПК №14 займаецца спортам і верыць, што ў папраўчай установе ён не затрымаецца надоўга.