Серада, 19 Чэрвень 2013

Справа «шпіёна» Гайдукова развалілася?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Андрэй Гайдукоў Андрэй Гайдукоў

Старшыня КДБ Валер Вакульчык ня вытрымаў. «Шпіёнская справа», якую з такой радасьцю вёў КДБ у дачыненьні да апэратара наваполацкага «Нафтану» Андрэя Гайдукова, падобна, скончылася. Замест яе будзе нейкае іншая справа. Пра гэта Вакульчык заявіў 19 чэрвеня журналістам.

Нагадаем, працэс над Гайдуковым праходзіць у Віцебскім абласным судзе ў зачыненым рэжыме. Вялікай праблемы ў гэтым Вакульчык ня бачыць: «Няма сумненьняў, што ўсё будзе аб’ектыўна. Ніхто нічога хаваць ня будзе, за выключэньнем дзяржаўнай таямніцы». Гаворачы пра магчымае пакараньне абвінавачанага, Вакульчык сказаў: «Гэта можа вырашыць толькі суд». Пры гэтым ён адзначыў, што «ня факт, што гэта будзе артыкул 356».

Артыкул 356 КК - здрада дзяржаве, паводле якога абвінавачваецца Гайдукоў, прадугледжвае пакараньне ад сямі да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Тое, што Вакульчык заявіў пра магчымую зьмену артыкулу, азначае, што ён зь вялікай доляй імавернасьці будзе зьменены. Бо непасрэдна Вакульчык «руліць» гэтым працэсам. Успомнім хаця б той факт, што за два тыдні да пачатку працэсу Вакульчык сказаў, што ён пройдзе ў зачыненым рэжыме. У выніку так яно і адбылося, хаця паводле ўсіх працэсуальных нормаў рашэньне аб зачыненасьці або адчыненасьці працэсу павінна прымаць судзьдзя - і толькі пасьля пачатку працэсу і згодна з хадайніцтвам аднаго з бакоў.

У сувязі з заявай Вакульчыка праваабаронца Алег Воўчак сказаў, што справа Гайдукова было настолькі дрэнна змайстраваная, што развалілася нават у зачыненым судзе: «Асноўная частка працэсу ўжо прайшла. Судзьдзя паслухала абвінавачваньне, заслухала некаторых сьведак з боку абвінавачваньня, змагла азнаёміцца з матэрыяламі справы. І Вакульчык загаварыў пра яе перакваліфікацыю нездарма - бо складу злачынства паводле «здрады Радзіме» там нямашака. Няма там ніякага шпіянажу, а таму справа будзе перакваліфікаваная на іншыя, больш мяккія артыкулы».

На ягоную думку, Гайдукову могуць прад’явіць толькі два падобныя артыкулы КК: «Гэта будзе альбо частка 2 артыкулу 361 КК (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду зьнешняй бясьпецы Рэспублiкi Беларусь, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абараназдольнасьці», накіраваныя да замежнай дзяржавы) - пакараньне паводле яе альбо арышт на шэсьць месяцаў, альбо пазбаўленьне волі да трох гадоў. Альбо яшчэ ні разу не апрабаваны на практыцы артыкул 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Паводле яго выносілася шмат папярэджаньняў, але ні разу нікога не судзілі. Яго санкцыі - арышт на тэрмін да шасьці месяцаў або пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў».

Пытаньне толькі ў тым, што абодва гэтыя артыкулы маюць відавочны присмак «палітычных» - паводле артыкулу 361 КК у жніўні 2007 году быў асуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі бізнэсовец і палітык Андрэй Клімаў. Варта адзначыць, што гэта была першая крымінальная справа, распачатая за артыкулы, апублікаваныя ў інтэрнэце, - на сайце ucpb.org. А артыкул 369-1 КК настолькі расплыўчаты і адыёзны, што праваабаронцы патрабуюць яго адмены, нават не чакаючы практыкі яго прымяненьня.

Словы Вакульчыка пра тое, што Гайдукову могуць перакваліфікаваць абвінавачаньне, Воўчак тлумачыць двума чыннікамі. Першы - зьнешнепалітычны. 24 чэрвеня павінна вырашацца пытаньне пра тое, каб міністру замежных спраў Беларусі Ўладзімеру Макею дазволілі ўезд у Эўразьвяз. «Апроч гэтага, Лукашэнка ўсё ж такі чакае запрашэньня ў Вільню на саміт “Усходняга партнэрства”. Новыя палітвязьні ў Беларусі зараз ня ў тэму», - кажа Волчак.

Другі момант - гэта хваля салідарнасьці, якая праявілася ў грамадзтве пасьля пачатку працэсу над Гайдуковым: «Праваабаронцы, СМІ, проста неабыякавыя грамадзяне задаюць уладам нязручныя пытаньні. Чаму суд зачнены? За што Гайдукова судзяць? Якое яго абвінавачаньне? І мноства іншых. Улады адказаць на іх ня могуць, але ацэньваюць грамадзкую думку. І, бачачы, што гэтая думка не на іх карысьць, спрабуюць “зьмяніць пласьцінку. Дык што нельга казаць пра тое, што ад нашай салідарнасьці нічога не залежыць. Залежыць, і яшчэ як».

У сувязі з гэтымі двума чыннікамі Волчак мяркуе, што ў працэсе могуць адбыцца дзьве кардынальныя зьмены. Першае: альбо суд, альбо бок абвінавачваньня перакваліфікуюць абвінавачаньне на больш мяккае. Перакваліфікаваўшы ж абвінавачаньне, суд скарыстаецца другім сваім правам: улічваючы асобу абвінавачанага, адсутнасьць судзімасьцяў, узважыўшы ступень яго небясьпекі для грамадзтва, якая будзе прызнана ледзь не нулявой, прызначыць пакараньне Гайдукову «менш за найменшае», гэта значыць менш за мінімальную планку, прадугледжаную артыкулам КК. І Гайдукоў можа быць прысуджаны альбо да пазбаўленьня волі ўмоўна, альбо да абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу - гэта значыць да «хіміі». Зусім ужо прызнаць Гайдукова невінаватым - гэта значыць проста «забіць» Вакульчыка. Суд на гэта пайсьці ня можа.

Вакульчык перад пачаткам працэсу над Гайдуковым казаў прэсе: «Я думаю, што пасьля таго, як будзе абвешчанае рашэньне суду, тыя людзі, якія яго абаранялі, апынуцца ў нязручным становішчы». Пакуль што ў нязручным становішчы знаходзіцца сам Вакульчык.

Camarade.biz