Юрыст і палітоляг Юры Чавусаў выказаў свае здагадкі наконт магчымага артыкулу, паводле якога пакараюць Андрэя Гайдукова: «Працэс закрыты, таму дакладна сказаць немагчыма, на якое злачынства перакваліфікаванае абвінавачаньне. У кантэксьце таго, што Гайдукоў браў удзел у працы незарэгістраванага „Саюзу маладых інтэлектуалаў“, варта адзначыць, што акурат 2 гады — гэта максымальны тэрмін паводле артукулу 1931 („Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасьці“)».
«Патэнцыйна можа быць прымененая і частка 2 артыкулу 193 „Арганізацыя альбо кіраваньне грамадзкім аб’яднаньнем, якое пасягае на асобу, правы і абавязкі грамадзян“, які адрозьніваецца ад 1931 тым, што прадугледжвае адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраванай арганізацыі, што нанесла шкоду правам і інтарэсам грамадзянаў альбо перашкаджала выкананьню імі дзяржаўных ці грамадзкіх абавязкаў. Там максімальны тэрмін зьняволеньня — 3 гады».
«Тым не менш, найбольш імаверным мне падаецца прымяненьне супраць Гайдукова артыкулу КК 3561 „Устанаўленьне супрацоўніцтва са спэцыяльнай службай, ворганам бясьпекі або разьведвальным ворганам замежнай дзяржавы“. Гэты артыкул паводле аб’ектыўнага складу злачынства блізкі да здрады дзяржаве, але ў ім адсутнічае нанясеньне фактычнай шкоды бясьпецы Рэспублікі Беларусь. Максымальны тэрмін зьняволеньня — 2 гады», — кажа Чавусаў.
Як паведамлялася раней, затрыманы 8 лістапада 2012 году супрацоўнікамі КДБ Андрэй Гайдукоў падазраецца ў зборы інфармацыі на заданьне замежнай выведкі і дзяржаўнай здрадзе. У дачыненьні да яго былая ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 14 - “замах на злачынства” і паводле ч. 1 арт. 356 КК Беларусі - “здрада дзяржаве ў форме правядзеньня агентурнай дзейнасьці”. Да затрыманьня Гайдукоў працаваў сьлесарам на нафтаперапрацоўчым заводзе “Нафтан” у Наваполацку.
Паводле Інтэрфакс-Захад і “Нашай Нівы”