З самага пачатку гэтая справа суправаджалася некалькімі трывожнымі і нават незаконнымі элемэнтамі, у тым ліку адсутнасьцю празрыстасьці ў дачыненьні да мэтадаў расьсьледаваньня, парушэньнем права сп. Гайдукова на абарону (праз абмежаваньне яго сустрэчаў з адвакатам), неапраўданым перакваліфікаваньнем абвінавачваньня супраць сп. Гайдукова напярэдадні судовага разьбіральніцтва, а таксама заангажаванасьцю КДБ у працэс.
Злачынства, у зьдзяйсьненьні якога быў абвінавачаны Андрэй Гайдукоў, не адносіцца да катэгорыі грамадзка небясьпечных; аднак зь лістапада 2012 году ён быў пазбаўлены волі ў адпаведнасьці з артыкулам 356 (“здрада дзяржаве ў форме шпіянажу”), нягледзячы на тое, што гэтае абвінавачаньне было пазьней зьнятае. Новыя абвінавачаньні не апраўдваюць правядзеньне суду за зачыненымі дзьвярыма.
У сувязі з працэсуальнымі парушэньнямі і палітычна матываваным характарам судовага працэсу, FIDH просіць перагледзець прысуд у адпаведнасьці з законам, Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі нормамі, якія тычацца права на абарону і на справядлівы і празрысты судовы разбор.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"