«Лісты цяпер сталі ісьці лепш. Мы рады, вядома, бо званкі званкамі, але лісты таксама важныя. Дзесьці тры разы на месяц ён тэлефануе нам. Зьбіраемся на спатканьне ў другой палове лютага. Дакладны дзень яшчэ прызначаць. Апошні раз мы сустракаліся недзе 26 сьнежня. Але гэта было кароткатэрміновае спатканьне, і мы прагаварылі літаральна хвілін 40. А цяпер у нас будзе доўгатэрміновае спатканьне. Мы там будзем зь ім трое сутак і ўжо абмяркоўваем, што прывязем і перададзім», - адзначыла яна.
Маці палітвязьня дадала, што адчувае ён сябе нармалёва і нават пачаў гуляць у шахматы.
«Бацька Андрэя - кандыдат у майстры спорту па шахматах. У дзяцінстве ён вучыў Андрэя, але, мабыць, не паддаваўся, таму сыну было нецікава. А зараз даслаў паштоўку, што выйграў першую ў сваім жыцьці партыю ў шахматы, чаму бацька быў вельмі рады. Таксама цешыць тое, што засталося менш за тры месяцы. Спадзяюся, яны пройдуць хутчэй, чымся ўвесь астатні час», - сказала Вольга Гайдукова.
Нагадаем, 1 ліпеня 2013 г. актывіста апазыцыі Андрэя Гайдукова прызналі вінаватым у «спробе ўстанаўленьня кантактаў з замежнай выведкай» і прысудзілі да 1,5 гадоў калёніі. Прысуд яму вынес Віцебскі абласны суд, а паседжаньне праходзіла ў закрытым рэжыме.