Як патлумачылі ў Чыгуначным РАУС, грошы пайшлі ў кошт пагашэння ранейшых штрафаў. Барыс Хамайда распавёў «Віцебскай вясне» падрабязнасці пра сваё затрыманне, суд і «сукамернікаў» за кратамі.
Падпалкоўнік прасіў прыбраць жоўта-блакітную стужку
Найстарэйшага віцебскага грамадскага актывіста затрымалі ў Дзень канстытуцыі. 15 сакавіка, як звычайна, ён выйшаў да так званага «сіняга дому», дзе распаўсюджвае беларускую літаратуру. Больш як паўгода таму ў міліцыя забрала ў Барыса Хамайды ўсе «нацыяналістычныя» рэчы, якія аздаблялі ягонае «працоўнае месца»: бел-чырвона-белы парасон, вышытую чырвоным на белай палатніне малітву «Ойча наш», маленькі сцяжок, некалькі паштовак… Не забралі хіба што жоўта-блакітную стужку, якая раней не падавалася міліцыянтам чымсьці крамольным. Іншая справа цяпер, кажа спадар Барыс:
«Я стаяў на звычайным месцы, пад’ехаў падпалкоўнік міліцэйскі, прозвішча я ў яго не спытаў. Ён пачаў разглядаць, з чым я стаю. Убачыў кніжкі, столік, а ў мяне там ужо некалькі гадоў, як была там начэпленая жоўта-блакітная стужка. Дагэтуль нікому справы не было, і раптам ён заўважыў. І кажа: «Я вас прашу, зніміце гэтую стужку!» Я адмовіўся, сказаўшы, што ў гэты момант ва Украіне пад абстрэламі гінуць дзеці, жанчыны, ідзе захопніцкая вайна, і таму нічога здымаць не буду».
Пасля гэтага падпалкоўнік з’ехаў, але даў загад патрульным міліцыянтам сачыць за актывістам. І калі Барыс Хамайда ў свой звычайны час сабраўся і ўжо адышоў ад «сіняга дому», яго затрымалі. Супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што павязуць яго ў РАУС, каб скласці пратакол паводле артыкула 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне.
Як у Чыгуначным РАУС знайшлі забытую «крамолу»
У пастарунку міліцыянты пачалі даглядаць рэчы і рабілі гэта дужа пільна, распавёў Барыс Ханонавіч:
«Кожную кніжку даставалі з пакета, у якім яна ляжала, і доўга трэслі – ці няма чаго паміж старонкамі, а потым яшчэ пакеты праглядалі на святло… І так некалькі гадзін. Было дужа смешна! А потым сталі пераглядаць астатнюю маёмасць, і ў маім заплечніку знайшлі бел-чырвона-белую стужку. Некалі я насіў яе звонку, прычапіўшы да заплечніка, але яна адчапілася. Каб не згубіць, я паклаў яе ўсярэдзіну і абсалютна на яе забыўся! І яшчэ знайшлі дзве нашыўкі, якія мне даўным-даўно падараваў адзін хлопец, – гэта «трызубец» і шаўрон, дзе напісана «Украінскае войска». Сувеніры з Кіева, якія таксама праляжалі ў заплечніку некалькі гадоў».
Паводле Барыса Хамайды, міліцыянты былі дужа збянтэжаныя гэтымі знаходкамі. І некалькі разоў выходзілі, каб параіцца з начальствам, што ж напісаць у пратаколе пра «несанкцыянаванае пікетаванне». У выніку з’явілася фармулёўка, што атрыбутамі пікету былі абедзве стужкі – і жоўта-блакітная, і бел-чырвона-белая, якая проста ляжала ў заплечніку.
Судзілі праз «Скайп» пры поўным маўчанні падсуднага
Чамусьці адразу, у дзень затрымання, Барыса Хамайду судзіць не сталі. Яго змясцілі ў ІЧУ, і толькі назаўтра адбыўся суд. Ён адбываўся праз Скайп, а судзіла апазіцыянера суддзя суду Чыгуначнага раёну Алена Цыганкова.
«Суддзя была ў сваім кабінеце, я перад камп'ютарам у ІЧУ. Я адразу сказаў ёй, што не буду ўдзельнічаць у гэтым цырку, павярнуўся спінай да кампʼютара, тварам да сцяны, і маўчу. Суддзя крычыць «Барыс Ханонавіч, я вас пакараю за непавагу да суду!» Тут я адзінае, што сказаў: «Ну і прыцягвайце. Адсяджу і за гэта!». Так суд і прайшоў, я практычна нічога не сказаў», – зазначыў актывіст.
Сведкамі падчас судовага разбору былі патрульныя міліцыянты, якія пацвердзілі, што каля «сіняга дому» Барыс Хамайда насамрэч стаяў з дзвюма стужкамі. Рапарты службоўцаў і сталі галоўным доказам ягонай вінаватасці. Суддзя пастанавіла пакараць актывіста 20-ці суткамі арышту, канфіскаваць тэлефон, абедзве стужкі і абедзве нашыўкі. Але ў пісьмовай пастанове, якую апазіцыянер атрымаў ужо ў камеры, гаварылася, што тэлефон яму абавязаны вярнуць па вызваленні.
Як прайшлі 20 сутак у кампаніі з іншымі «палітычнымі»
За час зняволення Барыса Хамайду 5 разоў пераводзілі з камеры ў камеру. Навошта гэта рабілася, для яго засталося загадкай. Калі супрацоўнікі ІЧУ баяліся, што ён «распрапагандуе» іншых зняволеных, то атрымлівалася якраз наадварот: гутаркі пра палітыку яму даводзілася весці ў кожнай новай «хаце».
Паводле актывіста, іншыя зняволеныя ставіліся да яго добра, у тым ліку і тыя, хто адбываў арышт за хуліганства ці іншыя праявы асацыяльных паводзінаў. Барыс Хамайда распавёў, што ў яго была паважная мянушка «Дедушка», і што ў кожнай новай камеры ён, не хаваючыся, тлумачыў прычыны свайго арышту. Зрэшты, «палітычных» у ІЧУ было некалькі, распавёў спадар Барыс:
«Па маіх падліках, у ізалятары ў адзін час са мной за «палітыку» сядзелі яшчэ 9 чалавек. Прозвішчы я называць не буду, згадаю хіба некалькі прыкладаў. Сядзелі там двое жыхароў Менску, якія прыехалі ў Полацк, каб паглядзець горад. А тут пачалася вайна, і яны выйшлі да гатэля «Дзвіна» з плакатам «Не – вайне», ім далі па 30 сутак. Сядзеў разам з расонскім хлопцам, яму, як і мне, прысудзілі 20 сутак – за тое, што напісаў зварот у райвыканкам супраць вайны. Яшчэ быў хлопец з Віцебску, які напісаў антываенны верш і размясціў у сацыяльных сетках. Яму прысудзілі 12, здаецца, сутак. З Наваполацку мужчыну асудзілі на 30 сутак за тое, што падчас рэферэндуму нібыта правёў пікет… Карацей, вельмі шмат цяпер неабыякавых людзей».
Як Барыс Хамайда застаўся без тэлефона, а міліцыя не выканала пастанову суду
Па сканчэнні арышту сустракаць актывіста каля ІЧУ прыйшлі ягоныя сябры. Але сустрэча не адбылася. Барыса Хамайду пасадзілі ў службовае аўто і павезлі ў апорны пункт правапарадку на прафілактычную гутарку. Сэнс яе заключаўся ў папярэджанні: калі апазіцыянера затрымаюць за адміністрацыйнае правапарушэнне трэці раз цягам году, то супраць яго распачнуць крымінальную справу.
Барыс Хамайда, у сваю чаргу, нагадаў міліцыянтам пра тое, што яны мусяць вярнуць яму забраны тэлефон:
«Я паказваю судовую пастанову, дзе сказана, што тэлефон трэба вярнуць, але міліцыянт кажа, што яго ўжо прадалі. Маўляў, прададзены за 15 рублёў, а грошы пайшлі на пагашэнне маіх ранейшых штрафаў. Вось так міліцыя праігнаравала рашэнне суду. Калі па законе, то можна было б з імі пацягацца, але ж у нас законы ігнаруюцца. Таму і займацца гэтым я не стану. А вось выходзіць да «сіняга дому» буду і надалей! Цяпер у мяне ўжо дакладна не засталося аніякай сімволікі, усё канфіскавана. Ёсць толькі мастацкая літаратуры на беларускай мове, якую міліцыянт назваў «бээнэфаўскай»… Калі будуць затрымліваць толькі за кнігі, то што гэта за дзяржава!»
Пакуль спадар Хамайда быў пад арыштам, міліцыянты без дазволу зарэгістравалі яго ў Telegram. Праз ягоны тэлефонны нумар хацелі ці то адсачыць нейкую актыўнасць у інтэрнэце, ці то нешта апублікаваць ад ягонага імя. Але гэта марныя высілкі: найстарэйшы віцебскі апазіцыянер не карыстаецца сацыяльнымі сеткамі і мэсэнджарамі, а важную інфармацыю ў тэлефоне не захоўвае.
«План нашай перамогі ў маёй галаве!» – смяецца Барыс Хамайда.
Феліцыян Красоўскі