Насамрэч у адміністрацыю Чыгуначнага раёну Віцебску праваабаронцам пададзеная нават не адна, а дзьве заявы. Апроч уласна заяўкі на правядзеньне пікету, патрабаванага законам, і забавязаньня пра забесьпячэньне грамадзкага парадку ўдзельнікамі (акрамя супрацоўнікаў праваахоўных органаў), іх мэдычнае забесьпячэньне і падтрыманьне месца правядзеньня пікетаваньня ў належным стане, Леанід Сьвецік накіраваў чыноўнікам яшчэ адну заяву: пра тое, каб раённая адміністрацыя прыняла рашэньне аб удзеле ў імпрэзе яе прадстаўнікоў.
У выпадку станоўчага адказу чыноўнікаў на заяву нумар два, праваабаронцы будуць вызваленыя ад цяжару па заключэньні дамоваў зь міліцыяй, мэдыкамі і камунальнікамі. Патрабаваньне заключаць такія дамовы зьмяшчаецца ў рашэньні Віцебскага гарвыканкаму аб масавых мерапрыемствах, прынятым у 2009 годзе, выканаць якое на практыцы пакуль яшчэ не ўдалося нікому. Калі ж мерапрыемства праходзіць пры ўдзеле прадстаўнікоў органаў улады, дамовы згодна са згаданым рашэньнем не вымагаюцца, і іх адсутнасьць ня стане фармальным падставай для забароны акцыі.
Зрэшты, хоць праваабаронцы і спадзяюцца, што прадстаўнікі мясцовай улады далучацца да іх напярэдадні 1 мая, каб разам распавесьці грамадзянам пра абарону іх працоўных і сацыяльных правоў, яны гатовыя і да таго, што іх ініцыятыва ня знойдзе падтрымкі ў чыноўнікаў райадміністрацыі. Як паведаміў Леанід Сьвецік, у гэтым выпадку заключаць дамовы яны ня будуць да таго часу, пакуль ня будзе атрыманы дазвол на правядзеньне імпрэзы.
«Адмова на падставе непрадстаўленьня дамоваў будзе успрынятая мною як сьвядомая перашкода ў рэалізацыі маіх правоў і законных інтарэсаў», – адзначыў віцебскі праваабаронца ў сваёй заяве ў раённую адміністрацыю аб правядзеньні пікету.