На прыём на чыноўніка, які займаецца пытаньнямі ідэалёгіі, папярэдне запісаўся віцебскі каардынатар руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў. Ён распавядае: “Спачатку ўвогуле нікога не хацелі пусьціць на прыём, апрача мяне. Хаця спадар Цярэнцьеў да размовы быў падрыхтаваны: у ягоным габінэце былі ўсе трое раённых “ідэолягаў” - з тых раённых адміністрацыяў, ад якіх мы ўжо цягам трох гадоў ня маем ніводнага дазволу на прапанаваныя намі акцыі. Урэшце дамовіліся так: на прыём пускаюць мяне, Аляксея Гаўруцікава, які быў адным з аўтараў калектыўнага ліста з патрабаваньнем зьмяніць рашэньне віцебскага гарвыканкаму наконт арганізацыі масавых акцыяў, і намесьнік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч. Ён распавёў, што ў Менску дазвол на акцыю атрымаць зусім не праблема, і што там зусім іншы парадак атрыманьня дазволаў”.
Рашэньне Віцебскага гарвыканкаму ад 10.07.2009 года № 881 не дазваляе грамадзянам рэалізаваць свае правы на публічнае выказваньне думак. Так, паводле рашэньня гарадзкіх уладаў, арганізатары мусяць разам з заяўкай падаваць у раённыя адміністрацыі і копіі дамоваў на абслугоўваньне мерапрыемстваў. Але адказныя структуры адмаўляюцца ад заключэньня дамоваў з актывістамі з розных прычын. А некалькі разоў заяўнікам наўпрост казалі, што заключаць дамоваў не будуць, пакуль няма станоўчага рашэньня раённых адміністрацыяў. Таму актывісты сабралі подпісы пад калектыўным лістом у аблвыканкам, каб вышэйшы ворган улады пасадзейнічаў зьменам у рашэньні гарвыканкаму.
Але пакуль пра зьмены не вялося, працягвае Хрыстафор Жаляпаў: “Намесьнік старшыні аблвыканкаму нас выслухаў і паабяцаў вывучыць праблему больш грунтоўна. Хаця ён, безумоўна, у курсе гэтай праблемы: нават казаў нам, што пэрыядычна чытае ў інтэрнэце пра адмовы на акцыі, і загадзя ўжо ведаў пра тое, што мы зьбіраемся да яго на прыём. Спадар Цярэнцьеў паабяцаў даць нам пісьмовы адказ. А калі ён нас не задаволіць, магчыма, будзе арганізаваная сустрэча з тымі, хто падпісаў калектыўны ліст”.
Віцебскія актывісты спрабавалі адстойваць свае правы нават праз суд, патрабуючы змусьць да заключэньня дамоваў тых, хто адмаўляўся гэта рабіць. Але і гэта не дапамагло. Судзьдзі таксама апелявалі да рашэньня віцебскага гарвыканкаму, а чыноўнікі, у сваю чаргу, казалі пра немагчымасьць у гэтым дакумэнце аніякіх зьменаў: маўляў, ён прайшоў юрыдычную экспэртызу, значыцца, ён дасканалы, і аніякіх зьменаў не патрабуецца.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"