Ліст зь пісьмовай забаронай акцыі атрымаў з адміністрацыі Кастрычніцкага раёну старшыня гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Аляксандар Кузьняцоў. Тэма пікету, які ён хацеў правесьці – “пратэст супраць палітычных рэпрэсіяў у краіне, акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі і патрабаваньне іх неадкладнага вызваленьня і поўнай рэабілітацыі”.
Каардынатар Руху “За свабоду” па Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Аляксей Гаўруцікаў падавалі заяўку на акцыю да ўгодкаў прыняцьця Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ў Першамайскую раённую адміністрацыю. Юрыст Аляксей Гаўруцікаў распавёў, што да ўладаў зьвярнуліся яшчэ за 2 месяцы да заплянаванай акцыі:
“Мы падавалі разам і заяўку, і лісты з прапановай заключыць дамовы, адрасаваныя ў міліцыю, гарадзкую паліклініку і службу ЖКГ. З апошняй структурай ніколі няма праблем – яны пагаджаюцца на дамовы. А зь іншымі дзьвюма – ёсьць, таму мы падалі заяўку загадзя, каб пасьпець прыцягнуць да суду адказных асобаў, калі нам адмовяць у абслугоўваньні пікету. Адказу зь Першамайскай адміністрацыі давялося чакаць замест 15 дзён цэлы месяц. Прычына адмовы чаканая: адсутнасьць дамоваў на абслугоўваньне. Потым даслалі ліст зь міліцыі – што лічаць немэтазгоднай дамову, бо акцыя ўжо забароненая. Хаця ў рашэньні гарвыканкаму №881, на які ўлады спасылаюцца, ясна сказана: абслугоўваць акцыі мусяць і мэдыкі, і міліцыя, і дамоўленасьці зь імі – папярэднія. Абласная ўправа МУС, як заўжды, ігнаруе гэты дакумэнт. І, дарэчы, міліцыянтаў няма чым папракнуць: яны падпарадкоўваюцца закону аб масавых мерапрыемствах, а не вынаходніцтву мясцовых чыноўнікаў”.
З цэнтральнай гарадзкой паліклінікі таксама прыйшла адмова. Маўляў, дамову на абслугоўваньне заключыць немагчыма, бо ўзімку ўсе мэдычныя службы працуюць у складаным рэжыме, абумоўленым масавымі захворваньнямі.
Актывісты вырашылі скарыстацца са свайго законнага права на абскарджаньне гэтага рашэньня: напісалі скаргі ў Міністэрства ўнутраных справаў і абласную ўправу аховы здароўя. Зь міністэрства МУС адказу няма дагэтуль. А з мэдычнай управы адказалі, што кіраўніцтва паліклінікі мае рацыю, бо там могуць як заключаць дамовы, так і адмаўляць без тлумачэньня прычын.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"