Серада, 24 Люты 2016

Віцебскіх праваабаронцаў не пусьцілі ва ўстановы, якія працуюць з уцекачамі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскае ўпраўленьне Міністэрства ўнутраных спраў не дазволіла праваабаронцам наведаць Пункт часовага пасяленьня (ПЧП) уцекачоў у Віцебску і Віцебскі ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ). Праваабаронцы хацелі паглядзець, як жывуць украінцы, якія чакаюць атрыманьня права на жыхарства.

У цяперашні час прадстаўнікі Рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб'яднаньня "Беларускі Хэльсынскі камітэт» праводзяць маніторынг, зьвязаны з кантролем выкананьня беларускімі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі патрабаваньняў нацыянальнага заканадаўства і міжнароднага права пры працы з уцекачамі з Украіны.

Маніторынг зьдзяйсьняецца для збору актуальнай інфармацыі пра сацыяльна– эканамічнае становішча ўцекачоў у Беларусі. Гэтая інфармацыя неабходная праваабаронцам для таго, каб мець магчымасьць эфэктыўна аказваць бязвыплатную мэтадычную, інфармацыйную, юрыдычную і іншую дапамогу, у якой маюць патрэбу вымушаныя перасяленцы.

Акрамя таго, актывісты праваабарончай арганізацыі хацелі азнаёміцца ​​з мэтадамі і вынікамі працы дзяржаўных і недзяржаўных няўрадавых арганізацыяў па аказаньні адреснай дапамогі ўцекачам.

Сабраную інфармацыю праваабаронцы плянавалі прадставіць дзяржаўным органам і ўстановам, каб тыя маглі зрабіць захады па ліквідацыі хібаў, выяўленых у гэтай галіне дзейнасьці дзяржавы.

Каб рэалізаваць названыя намеры, важныя для грамадзтва і ўцекачоў, праваабаронца Леанід Сьвецік зьвярнуўся ва ўпраўленьне МУС па дазвол на наведваньне ІЧУ і ПЧП ў Віцебску.

На прапанову праваабаронцы адказаў намесьнік начальніка ўпраўленьня Юры Манькоў. Выказваючы пазыцыю дзяржаўнага ведамства, Юры Міхайлавіч паведаміў Леаніду Сьвеціку, што староньнім асобам заканадаўча не дазволена наведваньне і кантроль за працай ізалятара часовага ўтрыманьня і пункту часовага пасяленьня. Праваабаронцы якраз і ўваходзяць у кола тых староньніх, якім доступ не дазволены.

«Спаслаўшыся на дзейнае заканадаўства, міліцэйскі чыноўнік абгрунтаваў сваю адмову бездакорна, –  пракамэнтаваў Леанід Сьвецік рэакцыю начальства УУС на ягоную прапанову. –  На жаль, умовы пражываньня ўкраінскіх мігрантаў у ІЧУ і ПЧП у Віцебску засталіся таямніцай для грамадзкасьці. А гэта выклікае недавер да працы міліцыі ў частцы выкананьня ёю патрабаваньняў Закону Рэспублікі Беларусь "Аб бежанцах"».