Серада, 12 Верасень 2018

Расейца і дваіх аршанцаў затрымалі за арганізацыю канала нелегальнай міграцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жыхары Воршы і грамадзянін Расеі былі затрыманыя ўначы 9 верасьня, калі везьлі ў бок летувіскай мяжы чатырох віетнамцаў.

Паводле зьвестак апэратыўнікаў 7-га ўпраўленьня (па Віцебскай вобласьці) галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС, двое аршанцаў і расеец арганізавалі нелегальны ўезд з Расеі і знаходжаньне ў Беларусі грамадзян Віетнаму для перапраўкі на тэрыторыю Летувы.

Ашмянскім раённым аддзелам Сьледчага камітэту Беларусі распачатая крымінальная справа паводле часткі 2 артыкулу 371-1 КК Беларусі – арганізацыя незаконнай міграцыі. Праваахоўныя органы вырашаюць пытаньне наконт арышту арганізатараў трафіку.

Таксама цяпер праводзяцца дадатковыя апэратыўна-вышуковыя і сьледчыя мерапрыемствы, каб знайсьці саўдзельнікаў гэтай супрацьпраўнай дзейнасьці зь ліку жыхароў Аршанскага раёну.

У дачыненьні ж да ўраджэнцаў Віетнаму распачаты адміністрацыйны працэс у парадку артыкулу 23.55 КаАП (парушэньне заканадаўства аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства), паведамляе прэс-служба МУС.

Іван Дзедушкін, news.vitebsk.cc