Серада, 16 Снежань 2015

На Віцебшчыне «Чырвоны Крыж» раздае ваўчары мігрантам з Украіны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Як паведамілі ў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, цягам лістапада ваўчары атрымалі 273 вымушаныя перасяленцы з Украіны. На кожны ваўчар яго ўладальнік можа набыць харчоў і сродкаў гігіены на адзін мільён рублёў. Мяркуецца, што за лістапад-сьнежань у Віцебскай вобласьці будзе выдадзена ўсяго 600 ваўчараў.

Праект па аказаньні дапамогі ўкраінскім мігрантам, што трапілі на Віцебшчыну, падтрымліваецца Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа. Распачаўся ён пры канцы 2014 году, і цяперашняя стадыя яго рэалізацыі працягласьцю два месяцы ўжо трэцяя.

На гэтай стадыі кожны перасяленец, які належыць да катэгорыі найбольш уразьлівых грамадзян (людзі з інваліднасьцю, пэнсіянэры, цяжарныя жанчыны, шматдзетныя сем'і, сіроты і інш.), можа атрымаць ваўчар двойчы – першы раз ў лістападзе, і другі – у сьнежні. Ваўчары выдаюцца ў адпаведнасьці з колькасьцю чалавек у сям'і, але ня больш як тры на сям'ю.

Каб мець права на ваўчар, неабходна знаходзіцца ў сьпісах абласнога «Чырвонага Крыжа», гэтыя сьпісы ўкладаліся на падставе зьвестак, атрыманых з раённых упраўленьняў па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне. Часам па дапамогу зьвяртаюцца і людзі, якія раней не былі ўлічаныя, – іх таксама дадаюць у сьпісы.

Атаварыць ваўчары іх уладальнікі могуць у гандлёвых пунктах «Белкаапсаюзу», якія ёсьць у кожным раёне вобласьці. У раёнах жа выдаюцца і ваўчары. У гэтым адрозьненьне цяперашняга этапу рэалізацыі праекту ад папярэдніх – раней каб нешта набыць на ваўчары, трэба было ехаць у Віцебск. 

Як заяўляюць у Віцебскай абласной арганізацыі «Чырвонага Крыжа», ваўчараў хопіць усім. Калі колькасьць тых, хто зьвернецца па дапамогу, перавысіць квоту, гэта не праблема – у Менску ёсьць рэзэрв, які, у выпадку неабходнасьці, можна будзе задзейнічаць.

Віцебская вясна