Панядзелак, 23 Верасень 2024

Віцяблянам паказалі «Валошніка» - талісман горада, які яны нібыта самі абралі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Фотаздымак «Валошніка», або «Васильковый маг» надрукавала газета «Віцьбічы». Аўтарка гэтага персанажа - віцебская студэнтка Настасся Мядзведзева. Яе прапанова перамагла ў конкурсе, які сёлета ў лютым абвясціў гарвыканкам, -- набольш спадабалася камісіі, створанай дзеля зацвярджэння персанажа-талісмана. Цяпер скульптуры «Валошнікаў» ( да 30 см вышынёй) павінны з'явяцца на вуліцах на ўзор гномаў ва Ўроцлаве. Гарвыканкам заклікае, каб прадпрыемствы і ўстановы прыдумлялі і ўсталёўвалі сваіх «Валошнікаў».

Пазнавальныя персанажы-талісманы, або маскоты, звычайна выкарыстоўваюцца для вулічнай рэкламы, і ў некаторых еўрапейскіх гарадах такія скульптурныя фігуркі прывабліваюць гасцей-турыстаў. Віцебскія ўлады вырашылі, што прыйшоў час пераняць гэты досвед, і абвясцілі конкурс на стварэнне гарадскога талісмана. У каментарах наконт гэтай ідэі адразу прагучалі варыянты накшталт «паставіць каля кожнай ямы на дарозе скульптуру работніка ЖКГ з рыдлёўкай». Пасыл зразумелы: спачатку варта адрамантаваць дарогі, а потым выдаткоўваць сродкі на выраб «талісманаў».

У кожным выпадку, хто ўзяў удзел у конкурсе і якія яшчэ прапановы былі, гараджанам не кажуць. Іх проста паставілі перад фактам, што пераможца ўжо абраны, і што «Валошнік» - найлепшы варыянт для малых скульптурных форм. «Гэты талісман, на думку экспертаў, адлюстроўвае гістарычныя, культурныя асаблівасці Віцебска», - піша газета «Віцьбічы».

Гарадскія ўлады працягваюць ствараць ілюзію ўдзелу гараджан у жыццё Віцебска і прапануюць развіваць ідэю, ухваленую таямнічымі экспертамі, прозвішчы якіх СМІ не называе. Маўляў, ужо ёсць «Валошнік» -фатограф, які павінны нагадваць што ў Віцебску працаваў майстар фатаграфіі і вынаходнік Сінізмунд Юркоўскі, а таксама «Захавальнік гісторыі» - у гарадской газеце не ўдакладняюць, хто стаў ягоным прататыпам. А цяпер справа за іншымі: прадпрыемствы і установы павінны прыдумаць вобразы сваіх «чалавекападобных валошак». Менавіта так сутнасць ідэі перадае ў сваім артыкуле рэдактарка газеты «Віцьбічы».

Таццяна Віктарава