КПУ «Калюмна» было заснаваная ў канцы 2011 году групай ініцыятыўных навапалачан, якія былі гатовыя займацца вырашэннем праблем мясцовай моладзі.
Гэтая арганізацыя дапамагала маладым людзям і спецыялістам, якім была неабходная падтрымка ў самарэалізацыі.
Усе дзесяць гадоў існавання ўстановы яе супрацоўнікі і валанцёры актыўна вывучалі грамадскую думку з мэтай выявіць найбольш значныя праблемы рэгіёну. Для маладых людзей арганізоўваліся семінары і трэнінгі.
Не засталіся без падтрымкі арганізацыі маладыя спецыялісты, якія займаюцца даследаваннямі ў розных навуковых напрамках.
У фокусе працы арганізацыі пастаянна прысутнічала тэма экалогіі прамысловага Наваполацку, прадпрыемствы якога робяць істотную шкоду навакольнаму асяроддзю.
За свае ўласныя сродкі маладыя людзі аказвалі дапамогу бяздомным жывёлам.
Па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле КПУ «Калюмна» сябры арганізацыі прымалі ўдзел у краязнаўчых пошуках, знаходзілі і аднаўлялі габрэйскія пахаванні, шукалі на тэрыторыі Віцебскай вобласці парэшткі ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны.
Міхась Пісараў