Пагукаць вясну прыйшло больш за паўсотню віцяблян – заля ў “Ляльцы” была амаль цалкам запоўненая. Удзельнікі “сходу” пад кіраўніцтвам Марыны Булатоўскай зь вялікім задавальненьнем выконвалі беларускія народныя песьні. Сьпявалі “Дабраславі, Божа”, “Агу, вясна, агу, красна!”, “Вол бушуе – вясну чуе”, “Жавароначкі, прыляціце” ды іншыя песьні.
“Агу, вясна, агу, красна! А што й ты нам прынясла? У-у-у-у!” – разносілася шматгалосым рэхам па будынку тэатру.
Сапраўдным веснавым падарункам стаў выступ вядомага беларускага музыкі, кампазытара, прадусара, лідэра гурту “Палац” Алега Хаменкі.
Ён зладзіў у “Ляльцы” невялікі канцэрт, выканаўшы ўжывую пад гітару зь дзясятак беларускіх песень.
Алег Хаменка
Сьпевам Хаменкі віцебчукі ня толькі з задавальненьнем падпявалі і пляскалі ў далоні, але і вадзілі пад іх карагоды.
Упэўненыя, што намаганьні арганізатараў і ўдзельнікаў “Сьпеўнага сходу” ня пройдуць дарма, і сапраўдная вясна неўзабаве завітае ў Віцебск.
“Сьпеўны сход” – гэта грамадзкая ініцыятыва, накіраваная на тое, каб любы чалавек, незалежна ад наяўнасьці ў яго музычнай адукацыі, мог навучыцца сьпяваць беларускія песьні.
Сьпеўныя імпрэзы праходзяць у нашым горадзе штомесяц. Папярэдняя адбылася 24 лютага і была прысьвечаная творчасьці Рыгора Барадуліна.
https://viciebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/3146-speuny-skhod#sigProId4927fa829c
Уладзімер Бяляўскі