Курсы разьлічаныя на тых, хто ня ўмее добра і ўпэўнена размаўляць на роднай мове, але хоча палепшыць свае навыкі і ўменьні праз гутаркі зь людзьмі, у якіх гэта добра атрымліваецца, а таксама праз сумесныя прагляды беларускамоўных фільмаў, праслухоўваньне музыкі, праз розныя гульні і абмеркаваньне цікавых тэмаў.
У горадзе ўжо праходзяць на сталай аснове курсы «Мова нанова». Там таксама зьбіраюцца людзі, якія жадаюць вывучаць беларускую мову. Але ў адрозьненьне ад "Мовы нанова" гэтая ініцыятыва, паводле словаў арганізатараў, больш разьлічаная на простыя размовы паміж удзельнікамі, а не на вывучэньне якіх-небудзь правілаў.
Каб даць старт новым курсам, зь Менску спэцыяльна прыехаў Юры Лукашэвіч, экс-кіраўнік «Моладзі БН», а цяпер намесьнік старшыні партыі БНФ. Моладзь БНФ хоча арганізаваць падобныя клюбы ва ўсіх рэгіёнах краіны. На 18 красавіка заплянаваны старт у Барысаве. 20 – Баранавічы, 21 – Гомель 22 – Берасьце, 28 – Гародня.
На першую віцебскую сустрэчу сабралася ўсяго 9 чалавек. Але, тым ня менш, спадар Юры прыемна зьдзівіўся, што прыйшлі людзі, якія ўмеюць размаўляць на мове. У Менску ж большасьць людзей наогул не маглі сказаць па-беларуску ні слова.
Пасьля невялікага знаёмства Юры прапанаваў згуляць у гульню «Паўстанцы», своеасаблівы беларускі аналяг вядомай гульні «Мафія», сюжэт якой заснаваны па матывах падзеяў паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Падчас гульні ўдзельнікі змаглі занурыцца ў атмасфэру 1863 году і адчуць сябе знакамітымі гістарычнымі асобамі – Антонам Міцкевічам, Кастусём Каліноўскім, Цітусам Далеўскім і іншымі.
Пасьля Ўладзімер Папковіч прачытаў свае вершы з новага зборніку «Зазімак», прэзэнтацыя якога адбылася зусім нядаўна, 10 красавіка, у абласной бібліятэцы. Таксама вядомы віцебскі паэт параіў усім тым, хто хоча навучыцца добра размаўляць на мове, чытаць пабольш беларускіх клясыкаў, слухаць радыё, глядзець беларускамоўныя праграмы на тэлебачаньні і таксама не замыкацца ў сваім коле.
Пры канцы сустрэчы была прагледжаная невялікая частка дакумэнтальнага фільму пра Палуту Бадунову, дзяячку беларускага нацыянальнага руху, міністра ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі.
У далейшым у межах клюбу будуць ладзіцца сустрэчы з рознымі цікавымі беларускамоўнымі людзьмі – пісьменьнікамі, музыкамі, грамадзкімі актывістамі. Мяркуецца, што гэтыя сустрэчы будуць праходзіць на сталай аснове ў «Эўрапейскім клюбе». Наступная сустрэча прызначаная на 19 красавіка. Арганізатары спадзяюцца, што ўдзельнікаў пабольшае. Бо, паводле Лукашэвіча, на першую такую сустрэчу ў Менску прыйшлі толькі 2 чалавекі. А на трэцюю – ужо 20. Трэба толькі добра працаваць з сацыяльнымі сеткамі, а людзей, якія хацелі б у нязмушанай і сяброўскай абстаноўцы вывучаць родную мову, знойдзецца шмат. Арганізатары ў гэтым упэўненыя.
https://viciebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2749-u-vitsebsku-pachau-dzejnichats-u-mouny-klyub#sigProId5e58cb002e
Уладзімер Бяляўскі