Гэтым разам месцам гульні быў абраны бар «Торвальд», дзе сабралася больш за 20 ахвотных «ажаніцца». Некаторыя хлопцы і дзяўчаты былі апранутыя ў нацыянальнае адзеньне.
Па традыцыі перад пачаткам падрыхтоўваюць сьвяточны стол з выпіўкай і закускай. Пасьля гэтага пачынаюцца розныя жартоўныя гульні і вясёлыя танцы, мэта якіх – пазнаёміць паміж сабой людзей і, магчыма, скласьці пары, якія ў далейшым і пабяруцца шлюбам.
«Цяцерка», «Бабыль», «Падушачка» – гэта гульні, назвы якіх нічога ня скажуць сучаснаму чалавеку. Але толькі ня тым, хто арганізуе і ладзіць Жаніцьбу Цярэшкі. Для іх правядзеньне гэтых старадаўніх нацыянальных гульняў зьяўляецца важнай часткай.
Кульмінацыяй усёй дзеі стала імправізаванае вясельле. Напачатку вызначыліся бацькі – тыя, хто жэняць сваіх дзяцей. Затым яны склалі сьпісы патэнцыйных жаніхоў і нявестаў і вызначылі пары. Пасьля жаніцьбы пары ўжо мусілі не разлучацца аж да канца сустрэчы.
Цягам ўсяго «вясельля» хлопцы і дзяўчаты танчылі беларускія народныя танцы «Верабей» і «Лявоніху», украінскі народны танец «Гапак», а таксама чэскую «Польку», польскі «Кракавяк» ды іншыя.
Усе танцы і гульні прайшлі пад жывую музыку – у распараджэньні лепельскага музыкі Васіля Шкіндзера была скрыпка, беларуская дуда і жалейка.
Розныя этнафэсты, квэсты і гістарычныя рэканструкцыі становяцца ўсё больш папулярнымі сярод моладзі. Удзел у іх дазваляе ня толькі паглынуцца ў атмасфэру даўно мінулых дзён але і дае магчымасьць адчуць сябе ў новым вобразе. Вось і Жаніцьба Цярэшкі набірае ўсё большую папулярнасьць.
https://viciebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2645-u-vitsebsku-zhanili-tsyareshku#sigProIdf0ebd8d97a
Уладзімер Бяляўскі