Перад пачаткам імпрэзы з кароткай прамовай выступіў Віталь Броўка, уладальнік бару «Торвальд», падзяліўшыся ўспамінамі пра першы арганізаваны ім канцэрт у Полацкім унівэрсытэце, на якім і мусіў выступаць Андрэй Мельнікаў.
«Песеннае падарожжа» – такое вызначэньне мерапрыемству далі самі арганізатары – прайшло ў вельмі арыгінальным фармаце. Выступ музыкаў распачаўся а 18:25, і Андрэй Мельнікаў прапанаваў слухачам уявіць, што 18:25 – гэта не гадзіны і хвіліны, а год, і з рухам стрэлкі гадзіньніка перанёсься ў розныя даты і гістарычныя эпохі. Такім чынам, распачаўся канцэрт з часоў паўстаньня 1830-1831 году, а завяршыўся, як няцяжка здагадацца, пасьля 20:00, то бок эпохай пачатку 21 стагодзьдзя і выкананьнем песень на словы сучасных паэтаў – Алеся Плоткі і Валярыны Куставай.
Цягам усяго «падарожжа» ў тых, хто сабраўся, была рэдкая магчымасьць пачуць уперамешку песьні на словы як малавядомых паэтаў, так і ўсімі вядомых клясыкаў – Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Натальлі Арсеньневай, Анатоля Сыса і іншых. Было цікава пачуць купалаўскі верш «А хто там ідзе?» ў рытмічным і трохі аптымістычным выкананьні Андрэя Мельнікава, што надало твору новае гучаньне і прымусіла прысутных па-іншаму зірнуць на вядомы тэкст. Было нечакана пачуць песьню на словы зь верша вядомага мастака зь Віцебску Марка Шагала ў перакладзе Рыгора Барадуліна.
Перад кожным выкананьнем Андрэй рабіў экскурс у гісторыю беларускай літаратуры і культуры. Аўдыторыя змагла пачуць цікавую інфармацыю пра непадзеленае каханьне паэткі і аўтаркі тэксту гімну «Магутны Божа» Натальлі Арсеньневай; пра стасункі Максіма Багдановіча з рэдакцыяй газэты «Наша Ніва» і шмат іншага.
Акрамя гэтага, падчас канцэрту Андрэй Мельнікаў разыгрываў прызы ад кампаніі «Будзьма беларусамі». Каб стаць шчасьлівым уладальнікам торбы або паштоўкі, трэба было правільна адказаць на літаратурнае пытаньне.
Завяршылася імпрэза сумесным фатаграфаваньнем усіх прысутных.
https://viciebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2641-vitsyabchane-adpravilisya-u-pesennae-padarozhzha#sigProIdba188ed9fa
Уладзімер Бяляўскі