Пракуратура гораду Віцебску, куды быў першы зварот, ня стала правяраць на адпаведнасьць заканадаўству рашэньня гарадзкіх уладаў пабудаваць на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Гістарычны цэнтар Віцебску» Палацу шлюбаў, а пераслала скаргу і прыкладзеныя да яе дакумэнты ў Віцебскі абласны выканаўчы камітэт і Віцебскі аблсавет.
Надоечы спадар Смолікаў атрымаў адказы на свае прэтэнзіі. Самым інфарматыўным з атрыманых лістоў стаў адказ з камітэту па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкаму, хаця пры яго параўнаньні з іншымі адказамі ўзьнікае ўражаньне, што пісаліся яны ці не пад капірку. У адказе сьцьвярджаецца, што камітэт па архітэктуры разгледзеў скаргу не фармальна, а сумесна з абласным упраўленьнем ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі ды камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.
Далей ідзе тлумачальная частка, якая ўтрымлівае спасылку на тое, што згодна з «Дэталёвым плянам цэнтральнай часткі гораду Віцебску» на пэрыяд да 2020 году на вуліцы Калініна заплянаванае будаўніцтва Палацу шлюбаў. Плян узгоднены з Міністэрствам культуры і атрымаў станоўчае заключэньне дзяржаўнай экспэртызы. Сьцьвярджаецца, што аб'ект прайшоў нават працэдуру грамадзкага абмеркаваньня. А спасылка на ўлучэньне будынку ў пералік аб'ектаў, будаўніцтва якіх заплянаванае на 2017 год за кошт гарадзкога бюджэту ды іншых крыніц фінансаваньня, і наогул падаецца, як рашэньне, якое не мае адваротнага ходу.
Згадваецца ў адказе і дазвол зь Міністэрства культуры. Ён дае магчымасьць праводзіць навукова-дасьледчыя і праектныя работы па карэкцыі пляну да 31 сьнежня 2017 году. Праўда, нягледзячы на тое, што дазвол быў атрыманы ў лютым, у лісьце не паведамляецца, якія ж работы на гэты час ужо выкананыя.
Далей камітэт па архітэктуры запэўнівае, што «дакладная лякалізацыя паўднёвых межаў Ніжняга замку можа быць вызначаная толькі падчас правядзеньня археалягічных раскопак, заплянаваных праектам». Пасьля чаго праект можа быць адкарэктаваны па выніках атрыманых археалягічных дадзеных.
А пакуль будаўніцтва не вядзецца, праектаваньне не завершанае, канчатковых узгадненьняў ды экспэртызаў няма – значыць, маўляў, і парушэньняў няма.
Што тычыцца асноўнага аргумэнту, прыведзенага скаржнікам (пастанова Міністэрства культуры ад 20 сакавіка 2017 году №18 «Аб зацьвярджэньні праекту зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці – "Гістарычны цэнтар гораду Віцебску"» забараняе будаўніцтва на гістарычных тэрыторыях акрамя аднаўленьня страчаных гістарычных будынкаў), то ён быў абвергнуты тым аргумэнтам, што «Генэральны плян Віцебску» быў узгоднены зь Міністэрствам культуры 20 ліпеня 2015 году, то бок задоўга да сёлетняй пастановы Міністэрства.
Гэткі адказ не задаволіў скаржніка. «Рыхтуем паперы ў абласную пракуратуру», – паведаміў Кастусь Смолікаў.
С. Горкі