1 лістапада ў “Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва” распачалася выстава “Іншае пакаленьне ёсьць іншая прастора. Час жанчын”. Сярод шэрагу твораў мастацтва інсталяцыя зь невялікага бюсту расейскага правадыра пралетарыяту Леніна і дэкарацыйнай часткі над ім вылучалася сваёй рэзкай кантрастнасьцю ў параўнаньні з усёй астатняй экспазыцыяй. І гэтая адрознасьць ня толькі ў тым, што асноўная частка арт-аб’екту выкананая з абсалютна нечаканых для гледачоў матэрыялаў: сьвіной квашаніны ды іншых ядомых складнікаў.
Як па мне, далучанасьць гэтай працы да экспазыцыі найперш – канцэптуальная. Яна, безумоўна, адлюстроўвае абсалютна іншае бачаньне і іншае стаўленьне сёньняшняга пакаленьня творцаў як да асобы Леніна, так і да рэвалюцыі ў год яе стогадовага юбілею. “Дванаццаць нажоў у сьпіну рэвалюцыі” надаюць усім астатнім творам дадатковы сэнс, безь якога гэта была б абсалютна іншая выстава. Дык што казаць пра тое, нібы зьяўленьне інсталяцыі мастачкі Настасьсі Ганчаровай на выставе зьяўляецца выпадковым ці непрадуманым, не выпадае.
Таму менавіта гэтая эпатажная праца і была ўспрынятая цэнзурай як правакацыя, зразумець і прыняць якую не дазваляе ідэалягічная зашоранасьць.
Інцыдэнт з закрыцьцём выставы – гэта рэакцыя на зьяўленьне ў прэсе першых публікацыяў пра бюст правадыра з квашаніны з ножыкам у галаве. Відаць, адыгралі сваю ролю і абмеркаваньні ў сацыяльных сетках, бо ніякіх скаргаў да арганізатараў выставы не паступала.
Першапачаткова нож ляжаў побач з талеркай, але затым яго ўсадзілі ў галаву. І тым ня менш творца пераконвае, што не чакала такой рэакцыі на сваю працу, бо не жадала ёй нікога пакрыўдзіць. Выходзіць, што нехта не зразумеў яе іроніі, якую мастачка імкнулася гэткім чынам выразіць.
3 лістапада – ці то прадчуваючы нядобрае, ці то з-за натуральных працэсаў у харчовых матэрыялах інсталяцыі – бюст заваліўся набок, пасьля чаго і прыйшло паведамленьне пра выдаленьне з выставы працы Настасьсі Ганчаровай, а затым і пра закрыцьцё выставы.
І ўсё б гэта было сьмешна, калі б, як той казаў, не было гэтак сумна ад таго, што на пачатку 21 стагодзьдзя некаму ў Беларусі яшчэ прыходзіць у галаву цэнзураваць мастацтва.
https://viciebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2536-tvorchasts-pad-zabaronaj-mastatskaya-vystava-zakrylasya-praz-byust-lenina-z-kvashaniny#sigProIdf8b9d487de
С. Горкі