Тацяна Вароніна яшчэ ў 1989 годзе пачала ствараць музэй, які адкрыўся прыканцы 1992 году. Гісторык адзначыла, што сабраных экспанатаў і дакумэнтаў так шмат, што з інфармацыі, якая ёсьць у фондах, можна зрабіць насычаную экспазыцыю. Аднак пакуль не аднавілі нават старую:
– Як у 2007 годзе перад Дажынкамі разабралі экспазыцыю, так яе і не аднавілі. Калі мы пачыналі ствараць музэй, у нас была маленькая купка прадметаў і ніякай навуковай базы, але з сакавіка 1989 працавалі, і ўжо ў сьнежні 1992 году мы адкрылі музэй. А тут ёсьць памяшканьне, ёсьць штат, фонды, але, відаць, няма жаданьня.
950-гадовы юбілей з дня першай згадкі Воршы ў летапісах – важная для гораду дата. За апошнія гады ў горадзе зьявілася некалькі помнікаў, але ўсе зьвязаныя з войнамі савецкага часу, розныя танкі і гарматы. На звароты грамадзянаў наконт усталяваньня помнікаў беларускім героям мінулых стагодзьдзяў, зьвязаных з Воршай, мясцовыя ўлады адказвалі адмовай, спасылаючыся на адсутнасьць грошай і іншыя прычыны. Грамадзкасьць Воршы не чакае нічога арыгінальнага ад сёлетніх афіцыйных сьвяткаваньняў 950-годзьдзя гораду – відавочна, што сьвяткаваньні пройдуць у абстаноўцы афіцыёзу, а краязнаўцы, якія дазволілі сабе крытыку мясцовай улады, на ўрачыстасьці запрошаныя ня будуць.
Кастусь Багушэвіч, Радыё Рацыя