Запачаткавалі гэты праект катэдра гісторыі ўнівэрсытэту імя Пятра Машэрава, Віцебская абласная бібліятэка, клюб гістарычнай рэканструкцыі «Vargentorn» ды Віцебскі гарадзкі партал. Тое, што патрэба ў пашырэньні гістарычных ведаў пра свой старажытны горад у віцебчукоў існуе, яскрава пацьвердзілі больш за сотню наведнікаў, якія ня толькі сядзелі ў крэслах, але і тоўпіліся ў праходах, бо вольных месцаў відавочна не ставала.
Уступнае слова гаспадыні бібліятэкі Адамян Тацяны Мікалаеўны было кароткім. Яна хутка перадала стырно ўлады аднаму з асноўных арганізатараў і завадатараў лекцыйных курсаў, гісторыку і адначасна галоўнаму спэцыялісту аддзелу культуры ўпраўленьня ідэалёгіі, культуры і па справах моладзі аблвыканкаму Дзянісу Юрчаку, які ў далейшым і вёў рэй на мерапрыемстве.
Загадчык катэдры гісторыі ВДУ Анатоль Дулаў, адзначыўшы высокі ўзровень абазнанасьці сваіх супрацоўнікаў, у той самы час запрасіў да актыўнага ўдзелу ў праекце ўсіх зацікаўленых асобаў, якім ёсьць што сказаць пра гісторыю Віцебску. Далейшы ягоны выступ тычыўся такой гістарычнай галіны, як крыніцазнаўства. І затым нарэшце надышоў час для самой заяўленай лекцыі, якую прачытаў Дзяніс Юрчак.
Як гісторыя Рыму пачалася з засяленьня Палатыну, першага зь сямі пагоркаў, на якіх стаіць горад; гэтак і засяленьне тэрыторыі, дзе ў далейшым паўстане Віцебск, пачалося з гары Ламіхі, на якой балты заснавалі сваё гарадзішча. Сама гара праіснавала да канца 19 стагоддзя ў цэнтры гораду. Гэтае знакавае месца лакалізуецца там, дзе некалі былі княскія палаты, а цяпер знаходзіцца Віцебскі мастацкі музэй ды будынак гарвыканкаму. Як магла выглядаць гара Ламіха і балцкае паселішча на ёй, можна было пабачыць на рэканструкцыі віцебскага мастака Ігара Дурава і 3-D рэканструкцыі, зробленай студэнтамі матэматычнага факультэту.
Як адзначыў Дзяніс Юрчак, на вялікі жаль, адназначнага адказу на пытаньне, калі зьявіліся першыя насельнікі на гары Ламісе, пакуль няма, бо пасьля Аляксея Сапунова нармальных археалягічных раскопак там ніхто не праводзіў. Аднак большасьць дасьледчыкаў згаджаюцца, што першымі людзьмі, якія засялілі гару, былі старажытныя балты днепра-дзьвінскай археалягічнай культуры.
Больш падрабязна на асаблівасьцях днепра-дзьвінскай культуры спыніўся наступны выступоўца – віцэ-мэр, гісторык па адукацыі Пётар Падгурскі, які ў свой час браў удзел у раскопках не аднаго днепра-дзьвінскага гарадзішча. Досыць падрабязна ён распавёў пра сучасныя мэтады досьледу мінулых эпох, якія дазваляюць вывучаць ня толькі керамічныя, касьцяныя ці мэталёвыя артэфакты, але й даведацца пра клімат, побыт, расьлінны і жывёльны сьвет старажытнасьці. Дарэчы, публіка досыць прыхільна сустрэла былога археоляга і дружнымі воплескамі аддзячыла за зьмястоўны выступ.
Кіраўнік клюбу гістарычнай рэканструкцыі «Vargentorn» прадставіў свайго калегу Яўгена Яленскага, які на аснове археалягічных артэфактаў з Латгаліі аднавіў мужчынскі строй старажытнага балта. Як зазначыў Сяргей Бабенка, «прадстаўнікі клюбу, робячы сваю рэканструкцыю, не зьбіраюцца пераконваць, што гэтак выглядалі ўсе балты, але сьцьвярджаюць – гэтак выглядаў балт з пахаваньня на канкрэтнай тэрыторыі».
Яўген Яленскі распавёў пра элемэнты адзеньня, скуранога, мэталёвага, футравага аздабленьня, пра баявую зброю. Далей быў прадстаўлены адпаведны касьцюм балцкай жанчыны таго самага часу. Што цікава, як балцкія мужчыны, так і балцкія жанчыны любілі насіць шмат разнастайных упрыгожаньняў, сярод якіх, праўда, не было месца вырабам са срэбра.
Напрыканцы, разьвітваючыся з прысутнымі, Дзяніс Юрчак запрасіў віцебчукоў на наступную лекцыю, якая мусіць адбыцца 29 верасьня і будзе прысьвечаная легендарнай заснавальніцы Віцебску княгіне Вользе. У далейшым жа мяркуецца праводзіць заняткі кожны другі і чацьвёрты чацьвер месяца.
https://viciebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/1973-pershaya-publichnaya-lektsyya-kursau-pa-gistoryi-vitsebsku-sabrala-pautary-sotni-slukhachou#sigProIdd6d420be05
С. Горкі