На жаль, наведвальнікаў было няшмат, нягледзячы на тое, што Віцебск – горад не маленькі, дый арганізатары пастараліся зрабіць праграму разнастайнай. Але, паводле арганізатара імпрэзы Ўладзімера Булаўскага, ня так важна, колькі людзей наведае імпрэзу, больш важна ў інфармацыйным полі трымаць увагу на разьвіцьці беларускай культуры і на памяці Рыгора Барадуліна ў тым ліку:
– У нас ёсьць такі мамант нейкі, як гігантаманія, мы чамусьці думаем, што на ўсё павінна прыходзіць шмат людзей – гэта далёка ня так. Хай гэта будзе 50-60 чалавек, якія натхняцца тым, што тут будзе адбывацца, чымся там 200 чалавек, якія пройдуць міма і нават не заўважаць. “Барадулінкі” – гэта не такое глябальнае сьвята, як можна ўявіць. Мне здаецца, што такіх невялікіх мерапрыемстваў павінна быць як мага больш, і вось мы дзякуючы супольным намаганьням спрабуем паказаць, што гораду гэта таксама патрэбна.
Падчас сьвята адбыліся заняткі “Мовы Нанова”, прэзэнтацыя кніг і выступ пісьменьнікаў Віктара Марціновіча і Віталя Рыжкова, буккросінг, кінапаказ караткамэтражных фільмаў. Музычная праграма прайшла з удзелам Андруся Такінданга, гуртоў “Цень”, “Ілюжан” і MARTIN S. А таксама на працягу ўсяго мерапрыемства распаўсюджвалася інфармацыя наконт збору сродкаў на шыльду ў гонар Рыгора Барадуліна.
https://viciebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/1942-u-vitsebsku-prajshli-baradulinki#sigProId794d156b59
Тацяна Смоткіна, Радыё Рацыя