Чацвер, 13 Май 2021

Камітэт па правах чалавека зарэгістраваў скаргу блогера-палітвязня Дзмітрыя Казлова

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)

Стала вядома, што Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў пад нумарам 3794/2020 індывідуальную скаргу аршанскага блогера Дзмітрыя Казлова («Шэры кот»). Сеткавы журналіст настойвае на тым, што беларуская дзяржава парушыла яго права на публічнае выказванне меркавання і на ўдзел у выбарах у якасці кандыдата ў дэпутаты парламенту.

Нагодай звароту ў Камітэт стала рашэнне акруговай выбарчай камісіі Аршанскай гарадской выбарчай акругі ад 8 лістапада 2019 году па адмене рэгістрацыі Дзмітрыя Казлова кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Падставай для адмены рэгістрацыі з'явілася нібыта паўторнае парушэнне Казловым выбарчага заканадаўства. Па версіі выбарчай камісіі, ён парушыў закон пры правядзенні перадвыбарчай агітацыі, а менавіта выкарыстоўваў плакаты, на якіх меліся заклікі да зрыву або адмены выбараў.

Рашэнне акруговай выбарчай камісіі журналіст абскардзіў у Віцебскую абласную выбарчую камісію і ў Віцебскі абласны суд, але яны адмовілі Дзмітрыю ў абароне яго грамадзянскіх і палітычных правоў.

Адмова суду азначала, што журналіст вычарпаў ўсе магчымыя эфектыўныя сродкі прававой абароны. Таму для працягу змагання за свае правы і законныя інтарэсы Казлоў падаў індывідуальную скаргу на беларускую дзяржаву ў КПЧ ААН.

У сваёй скарзе Казлоў прыводзіць довады, што «дзяржава не падала доказаў таго, што лозунгі «Фальшывым выбарам – баста!» і «Калгаснай дыктатуры – баста!» хоць нейкім чынам замахнуліся на інтарэсы дзяржаўнай і грамадскай бяспекі, грамадскі парадак, ахову здароўя і маральнасць насельніцтва або на правы і свабоды іншых асоб».

У паведамленні аўтар сцвярджае, што ў адпаведнасці з артыкулам 25 Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны грамадзянін павінен мець права і магчымасць быць абраным на сапраўдных перыядычных выбарах, якія праводзяцца на аснове ўсеагульнага роўнага выбарчага права пры таемным галасаванні і якія забяспечваюць свабоднае волевыяўленне выбаршчыкаў. І мяркуе, што выбарчыя камісіі, а таксама суд не былі кампетэнтнымі, паколькі яны пры прыняцці рашэньня занядбалі ўзятыя на сябе міжнародныя абавязкі ў рамках Пакту.

Нягледзячы на актыўны пратэст з боку кампетэнтных органаў Рэспублікі Беларусь, Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу Дзмітрыя Казлова, і яна будзе разгледжаная гэтым міжнародным органам ва ўстаноўленыя Пактам тэрміны.

Міхась Пісараў