Панядзелак, 21 Сакавік 2016

Дэпутат Нацыянальнага сходу не адказаў віцебскаму праваабаронцу па сутнасьці пастаўленых ім пытаньняў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Левінаў Павал Левінаў

У распараджэньне нашай рэдакцыі трапіла ліставаньне паміж дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацсходу РБ па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 і адным зь яго выбаршчыкаў. Тэма ліставаньня: выкананьне Рэспублікай Беларусь рашэньняў КПЧ ААН. Дэпутат: Міхаіл Волкаў. Выбаршчык: праваабаронца Павал Левінаў...

У першым са зваротаў выбаршчык - прадстаўнік Рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб'яднаньня «Беларускі Хэльсынскі Камітэт» у Віцебску і Віцебскай вобласьці просіць народнага выбраньніка даць прававую ацэнку бязьдзейнасьці дзяржаўных органаў наконт ігнараваньня рашэньня Камітэту ААН па правох чалавека ў дачыненьні да яго як выбаршчыка.

У лісьце дэпутату праваабаронца паведамляе, што, згодна з рашэньнем камітэту ад 19 ліпеня 2012 году, Беларусь прызнаная парушальнікам яго (як выбаршчыка) правоў, якія гарантаваныя часткай 2 артыкулу 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх аб палітычных правох (МПГПП), бо прадстаўнікі ўладаў краіны забаранілі праводзіць пікеты, дзе ён як выбаршчык зьбіраўся выказаць сваё меркаваньне па розных пытаньнях.

У адпаведнасьці з рашэньнем КПЧ, дзяржава абавязаная даць Паўлу Левінаву дзейсны сродак прававой абароны, у тым ліку кампэнсацыю і пакрыцьцё аплачаных судовых выдаткаў. Акрамя таго, камітэт зьвярнуўся з прапановай да Беларусі пра перагляд заканадаўства аб арганізацыі і правядзеньні масавых мерапрыемстваў, каб яно ў выніку адпавядала патрабаваньням артыкулу 19 Пакту. Таксама наша краіна павінна забясьпечыць непаўтарэньне такіх парушэньняў у будучыні. Адзначаецца, што адказ адносна зробленых захадаў наконт гэтага рашэньня камітэт хацеў бы атрымаць ад беларускага боку на працягу 180 дзён.

Прамінула ж, як сказана ў звароце праваабаронцы да дэпутата, нашмат больш часу, а нічога з названага ня зроблена.

Афіцыйны адказ дэпутата Паўлу Левінаву абвяшчае: «Паведамляю, што зрабіць якія-небудзь высновы па Вашым звароце не ўяўляецца магчымым, паколькі да яго не прыкладзеная копія самога рашэньня і адсутнічае пазначэньне яго рэквізітаў».

Больш таго, у адказе зьвяртаецца ўвага на тое, што нашай рэспублікай прызнаецца кампэтэнцыя Камітэту па правох чалавека, аднак рашэньні, якія прымаюцца ім па індывідуальных зваротах, носяць рэкамэндацыйны характар і не зьяўляюцца юрыдычна абавязковымі да выкананьня для Беларусі.

У іншым сваім звароце да дэпутата Павал Левінаў просіць прыняць тэрміновыя меры, што да забесьпячэньня правоў, свабод і законных інтарэсаў выбаршчыкаў, унёсшы прапанову па скасаваньні рашэньня Віцебскага гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах у Віцебску» ад 10 ліпеня 2009 году. Прычына - рашэньне не адпавядае МПГПП, які зьяўляецца часткай дзейнага ў Беларусі заканадаўства і падлягае абавязковаму выкананьню.

Выбаршчык-праваабаронца піша пра каштоўнасьці дзяржавы і пералічвае правы і свабоды чалавека, якія гарантуе Канстытуцыя РБ. Адзначае таксама, што, у адпаведнасьці з артыкулам 8 асноўнага закону краіны - Канстытуцыі, Беларусьсю прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных нормаў сусьветнага права (МПГПП) і забясьпечваецца адпаведнасьць iм закону. У Беларусі законнае дзеяньне МПГПП пачалося ў сакавіку 1976 году.

У сваім звароце да дэпутата Павал Левінаў адзначае, што згодна з артыкулам 19 Пакту кожнаму дадзенае права свабодна выказваць свае погляды. Выкарыстаньне гэтага права можа абмяжоўвацца толькі ў пэўных, пазначаных у артыкуле, выпадках (дзеля павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб, аховы дзяржбясьпекі, грамадзкага парадку, здароўя ці маралі грамадзян).

Праваабаронца зьвяртае ўвагу дэпутата і на артыкул 21 МПГПП, якім прызнаецца права на мірныя сходы. Выкарыстаньне гэтага права не абмяжоўваецца нічым, апроч абмежаваньняў, якія дзейнічаюць у адпаведнасьці з законам і неабходныя ў дэмакратычным грамадзтве дзеля абароны дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя і маральнасьці насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў.

Павал Левінаў спасылаецца ня толькі на міжнароднае права, але і на Закон РБ «Аб масавых мерапрыемствах», які абвяшчае (артыкул 9), што праводзіць масавыя мерапрыемствы можна ў любых прыдатных для гэтага месцах. Рашэньне ж Віцебскага гарвыканкаму ад 10 ліпеня 2009 году ў дачыненьні да масавых мерапрыемстваў такое, што ў горадзе праводзіць іх можна толькі ў трох месцах, то бок толькі яны названыя прыдатнымі для такіх мерапрыемстваў.

Апроч таго, у адпаведнасьці з законам «Аб нарматыўных прававых актах РБ», у краіне прызнаецца прыярытэт тых прынцыпаў сусьветнага права, якія агульнапрызнаныя; беларускае заканадаўства павінна адпавядаць гэтым прынцыпам. Такім чынам, нормы Пакту прымяняць трэба абавязкова. Таксама ў звароце сказана, што Пакт мае больш высокую юрыдычную сілу.

Выбаршчык падкрэсьлівае, што сваімі рашэньнямі Камітэт ААН па правох чалавека прызнаў нашу дзяржаву парушальніцай права грамадзян на свабоду выказваньня меркаваньня і на мірныя сходы.

Адказ дэпутата Міхаіла Волкава, у прынцыпе, быў прадказальны. У ім паведамляецца, што гэты зварот накіраваны на разгляд у Віцебскі аблвыканкам.

Што тычыцца атрыманьня інфармацыі пра дэпутацкую дзейнасьць спадара Волкава, пра што таксама прасіў Павал Левінаў, у адказе сказана, што ўсе зьвесткі даступныя ў сродках масавай інфармацыі і на сайце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Пажаданьне выбаршчыка наконт інфармаваньня асабіста дэпутатам прынятае да ведама.

Як відаць, гісторыя доўгая. І калі яна завершыцца - пакуль невядома. Незразумела і тое, які будзе фінал. Адказ Левінаву павінен даць яшчэ аблвыканкам, і ў якім ключы далей будзе разьвівацца сытуацыя - прагноз зрабіць няпроста. Бо, нягледзячы на фармальнае прызнаньне Беларусьсю прыярытэту агульнапрызнаных міжнародных прынцыпаў і неабходнасьць абавязковасьці іх выкананьня, улада ў асобе дэпутата кажа іншае: пра нібыта рэкамэндацыйны характар рашэньняў такой міжнароднай арганізацыі, як Камітэт ААН па правох чалавека.

Што тычыцца дэпутата Волкава, то, напэўна, зьвярнуўшыся да яго, праваабаронца Левінаў ўсё ж разьлічваў на больш грунтоўныя адказы. Нездарма ж у адным са зваротаў выбаршчык-праваабаронца згадвае закон «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь», паводле якога дэпутат робіць захады з мэтай забесьпячэньня правоў, свабод і законных інтарэсаў сваіх выбаршчыкаў, прапануе меры па паляпшэньні заканадаўства ў пэўных галінах стасункаў грамадзтва і г.д.